12.08.2020 11:07

«Лавандавыя кампліменты» з сядзібы Міхалюка

«Лаванда ўрадзіла! Каму букецік?» — падзялілася ў сацыяльных сетках сваёй радасцю маладзечанка Вольга Трубач, якую многія ведаюць як кіраўніка этнаграфічнага клуба «Кола» раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. З мінулага лета яна вырошчвае гэту культуру, якая найперш асацыіруецца з французскім Правансам. Але беларуская лаванда не горшая!

Вольга Трубач. Вольга Трубач. "Маладзечанская газета".

Разам з сёстрамі Ірынай і Таццянай, бацькамі Вольга аднаўляе сядзібу свайго прадзеда Міхаіла Кабака ў вёсцы Любкі на Вілейшчыне. Дапамагаюць ім і валанцёры.

— Прадзед быў вельмі цікавым чалавекам: не пабаяўся паехаць на заробкі ў Амерыку, у Піцеры працаваў, але ў свае Любкі вярнуўся, — расказвае Вольга.

Напэўна, Міхаіл Васільевіч, а па-вясковаму Міхалюк, вельмі здзівіўся б, каб замест агарода ды бульбы ўбачыў ля сваёй сядзібы акуратныя радкі невядомых заморскіх кветак фіялетавага колеру, над якімі з вясны чаравалі яго праўнучкі…

— Ідэю нам падкінуў адзін знаёмы, які даўно займаецца гэтай культурай і сам пераканаўся, што яна добра прыжылася ў нашых краях. Праўда, у Беларусі яе можна сустрэць нячаста: з інтэрнэту я даведалася, што яе вырошчваюць на адной з сядзіб у Брэсце і на дачы пад Магілёвам. Знаёмы падзяліўся саджанцамі, падказаў, як іх даглядаць, — гаворыць Вольга. — Летась мы з сёстрамі пасадзілі 70 кусцікаў, сёлета яшчэ 80. Глеба ля нашай сядзібы сухая, добра сонцам праграваецца – тое, што лаванда любіць. Першы сезон кусцікі не вельмі кветкамі парадавалі, затое сёлета на дзіва дружна зацвілі! Водар гэтых кветак я даўно люблю, карыстаюся лавандавым маслам замест духоў.

Лаванда – сухацвет, букеты з яе да года захоўваюць водар і колер. Вольга зарэгістравалася як рамеснік, прапануе жадаючым «лавандавыя кампліменты» — з густам аформленыя букецікі.

Акрамя букетаў, з лісцікаў расліны можна рабіць сашэ – духмяныя падушачкі, якія нададуць прыемны пах пасцельнай бялізне, адзенню і да таго ж уберагуць ад молі (здаўна вядома, што лаванда – выдатны сродак супраць яе).

— Мне спадабалася дабаўляць кветкі лаванды ў гарбату – яна атрымліваецца вельмі духмянай, з лёгкай пярчынкай, — дзеліцца Вольга. — Здаўна вядома і пра лекавыя якасці расліны: яна павышае апетыт, дапамагае ад галаўнога болю, слабасці, болю ў суставах. У ЗША молатую лаванду выкарыстоўваюць замест перцу як вострую прыправу. А ў Італіі, Іспаніі, на поўдні Францыі яе дадаюць у салаты, супы.
На кожным «лавандавым кампліменце» ад Вольгі – візітка з надпісам «Абы палюбоўна». Гэта своеасаблівае крэда сядзібы Міхалюка, дзе «колаўцы» наладжваюць танцавальныя і паэтычныя вечары. У планах і правядзенне лавандавага фэсту. Ён стане яшчэ адной адметнасцю вёскі Любкі, якую і так ужо ведаюць у розных кутках Беларусі і за яе межамі.


Фота: архіў Вольгі ТРУБАЧ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/mir-uvlechenij/item/7448-lavandavyya-kamplimenty-z-syadziby-mikhalyuka.html#sigProId4894b43866
Прочитано 338 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить