10.05.2019 9:49

Венера, вы з Марса?

Гэта і многія іншыя «планетныя» пытанні амаль штодзень даводзіцца чуць маладзечанцы Венеры Марсаўне Пяркоўскай – удзельніцы нашай рубрыкі, у якой мы расказваем пра людзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі.

Венера Перковская. Венера Перковская. "Маладзечанская газета"

— Вам пашпарт паказаць? – з усёй сур’ёзнасцю спыталася госця.

Ёй не прывыкаць удакладняць сваю асобу па дакуменце, бо многія думаюць, што гэта такі жарт. Іншы раз нават перапраўляюць імя па бацьку на Маркаўну.

Венера ніколі не задумвалася, чаму яе так назвалі, бо не лічыла сваё імя суперарыгінальным. У мамы і таты яна была трэцяй дачкой. Бацькі чакалі сына і дзявочага імені не выбіралі. Калі нарадзілася дзяўчынка, тата рытарычна сказаў: «А чаму б не назваць яе Венерай Марсаўнай?».

Дарэчы, гэта імя мае некалькі версій паходжання. Найчасцей яго перакладаюць з лацінскай мовы як «каханне», «хараство», «прыгажосць».

… З часам дзяўчынка захапілася вывучэннем планет, міфалогіяй і сузор’ямі, чытала шмат тэматычнай літаратуры і вырашыла, што яе назвалі іменем, сугучным назве планеце для таго, каб яна паляцела ў космас. Нават пачала да гэтага рыхтавацца. Сур’ёзна занялася спортам, аддавала перавагу бегу і стральбе. З задавальненнем удзельнічала ў папулярных у савецкія часы «зарніцах». Яшчэ школьніцай ездзіла ў Маскву на Гульні добрай волі. Каманда Венеры тады перамагла масквічоў: для дзяцей з Душанбэ (адкуль яна родам) гэта быў асаблівы гонар.

— У маім родным горадзе гэта імя таксама рэдкае. Цікава, што ў мяне быў аднакласнік Венер. Мы заўсёды блыталіся, каго настаўніца выклікае да дошкі, — успамінае субяседніца. – Маё імя, калі можна так сказаць, крочыць уперадзе мяне, а я імкнуся адпавядаць яму і трымаць марку. Значна больш клопатаў мне прыносіла дзявочае прозвішча Незамутдзінава. У ім адразу па тры памылкі рабілі. А калі ў дзяцінстве ў мяне пыталіся, дзе мой Марс, заўсёды думала, што цікавяцца пра майго бацьку, і адказвала, дзе ён знаходзіцца. Дарэчы, мая мама — руская, тата – татарын. У яго шасцёра сясцёр і братоў. Ва ўсіх звычайныя імёны, толькі ён вылучаецца.

Тата і дачка вялікія сябры. І сёння яна памятае, як у 15-гадовым узросце разам з ім пабывала ў Казахстане на перавале Маладзёжным (гэта 3750 метраў над узроўнем мора).

— На ледзяной вяршыні здавалася, што сонца ад нас вельмі блізка, нават дакрануцца можна. Сапраўднае адчуванне звышчалавека! Было адчуванне, што ўся галактыка ў нашых руках: побач Венера, Марс і Сонца, — расказвае яна.

Венера выбрала сабе зямную прафесію. Любоў да кніг перамагла любоў да космасу. Некаторы час працавала бібліятэкарам у політэхнічным інстытуце ў Душанбэ. Аднойчы адправілася ў вандроўку па маршруце Масква — Вільнюс — Мінск і назаўсёды прыкіпела сэрцам да беларускага краю. У 1990-я гады рашылася прыехаць у нашу сталіцу, тым больш што на радзіме не лепшым чынам складвалася палітычная сітуацыя.
І сёння Венера застаецца ўлюбёнай у Беларусь і не перастае адкрываць краіну для сябе. Хіба толькі спачатку давялося прызвычаіцца да беларускай мовы.

— Ніколі не забуду, як першы раз зайшла ў метро і пачула «Асцярожна: дзверы зачыняюцца!». Чамусьці падумала, што нешта зламалася і трэба зачыніць – значыць, адрамантаваць, — з усмешкай расказвае Венера.

Урэшце лёс прывёў яе ў Маладзечна. Паколькі некаторы час дзяўчына была тут зусім адна, адразу вырашыла запісацца ў секцыю самаабароны. У нашым горадзе яна атрымала прафесію зборшчыцы мікрасхем у былым прафтэхвучылішчы №87 прыборабудавання.

— Тут займалася і самадзейнасцю, спявала ў хоры. Аднойчы гарманіст у мяне запытаў: «Хочаш, спяю пра цябе песню?». І я ўпершыню пачула «Зорку Венеру», — гаворыць субяседніца.

Пэўны час яна працавала аператарам-фоталітографам на заводзе «Электрамодуль». А ўжо на працягу 24 гадоў з’яўляецца электрамеханікам на мясцовым філіяле ААТ «Ліфтсэрвіс».

Менавіта ў Маладзечне Венера знайшла сваё сямейнае шчасце. З Аляксандрам пазнаёмілася на вяселлі, дзе яны былі сведкамі маладых. Яны разам ужо 27 гадоў, выгадавалі дачку Святлану і сына Дзяніса. Імёны дзецям даваў тата.
Венера марыла назваць сына Марсам, тым больш што дні нараджэння яго і дзеда адрозніваюцца ўсяго на некалькі дзён. Але вырашылі арыентавацца на царкоўны каляндар. Затое яна вельмі рада цёзцы-пляменніцы.

— А мае бацькі ўсё ж дачакаліся сына. У гонар мяне ён даў імя сваёй дачцэ са словамі: «Хачу зрабіць табе падарунак…».

Фота: архіў Венеры ПЯРКОЎСКАЙ.

Калі ў вас, вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рэдкае імя, ёсць цікавая гісторыя, звязаная з ім, раскажыце нам пра гэта. Тэл. 77-19-61.

Прочитано 249 раз Последнее изменение 10.05.2019 9:49
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Севара -- то же, что и Любава

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить