05.10.2020 12:06

Валерый Скаражонак: «Даўно марыў выступіць у суправаджэнні аркестра»

Былы ўдзельнік легендарнага ВІА «Песняры» Валерый Скаражонак упершыню прадставіў маладзечанскім гледачам сольны канцэрт у суправаджэнні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.

Валерый Скаражонак: «Даўно марыў выступіць у суправаджэнні аркестра» Фота: Яўгеній СТЭЛЬМАХ.

— Мы знаёмыя з Валерыем гадоў пятнаццаць. Ён звярнуўся да мяне з прапановай падрыхтаваць сумесны праект, дапамог дастаць аранжыроўкі. Валерый вельмі прафесійны выканаўца, тое ж можна сказаць і пра музыкантаў нашага аркестра. У выніку нам хапіла ўсяго дзвюх рэпетыцый, — расказвае галоўны дырыжор аркестра заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сарока.
Па ходу канцэрта Валерый Скаражонак вёў дыялог з гледачамі. Расказаў, што ён наш зямляк, родам з суседняй Вілейкі. Прыгадаў, як у маладосці з сябрамі іграў на вяселлях, і пры актыўнай падтрымцы публікі выканаў песню «Горка!». Адчуваецца, што ён вялікі жыццялюб і аптыміст.
— Я прыехаў да вас не з пустымі рукамі, — зазначыў спявак. – Прывёз новую кнігу «Байкі песняра».

Кнігу ў двух тамах можна было набыць у час антракту, а пасля канцэрта спявак падпісаў яе ўсім жадаючым.

Без малога 15 гадоў Валерый Скаражонак быў салістам Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», прычым пяць з іх яму пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна.

— Я вельмі многаму навучыўся ва Уладзіміра Георгіевіча, ніколі не стамлюся дзякаваць яму. Ён быў для мяне і настаўнікам, і старэйшым братам! – сказаў артыст са сцэны.

Спявак нагадаў, што ў наступным годзе споўніцца 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, і выканаў песню, прысвечаную першай гітары легендарнага музыканта.

— Уладзімір Георгіевіч расказваў, што доўга збіраў грошы на сваю першую гітару, якой даражыў усё жыццё. Калі яго не стала, я знайшоў яго гітару ў кучы смецця ў час рамонту ў філармоніі. Мы з сябрамі яе адрэстаўрыравалі, цяпер яна знаходзіцца ў музеі Мулявіна, — расказваў Валерый Скаражонак перадгісторыю песні «Мая гітара».

Аб перыядзе работы спевака ў «Песнярах» гледачам нагадалі песні «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Белавежская пушча», «Марыся», «Вераніка», «За полчаса до весны» і іншыя. Гэта творы, непадуладныя часу, наша класіка. Колькі б іх ні слухаў, сэрца замірае… Тым больш калі іх выконвае такі самародак з унікальным голасам, які не зблытаеш ні з якім іншым. Нездарма ж Скаражонка называюць адным з самых лірычных галасоў Беларусі.

Наогул, канцэрт атрымаўся разнапланавым, маштабным. Сольныя нумары чаргаваліся з творамі Ігара Лучанка, Леаніда Левашкевіча, Яўгена Глебава і іншых кампазітараў у выкананні аркестра. Асобны блок быў прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. У час некаторых нумароў на сцэне Палаца культуры адначасова знаходзілася каля 120 чалавек: музыканты аркестра, удзельнікі змешанага хору музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай, вакальная група пад кіраўніцтвам Вольгі Кохан.

— Мая мара выступіць у суправаджэнні аркестра збылася! Па вашых апладысментах я магу лічыць, што дэбют удаўся, — сказаў Валерый Скаражонак і падзякаваў за супрацоўніцтва сімфанічнаму аркестру і яго кіраўніку.

 

Прочитано 787 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить