15.09.2020 8:42

Семиклассник из Молодечно прочитал за лето 26 книг на французском языке

Вучань сёмага класа гімназіі №3 Цімур Гаварко стаў рэкардсменам сярод юных чытачоў залы літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча.

Цімур Гаварко. Цімур Гаварко.

І хаця сёлета з-за пандэміі тут не праводзілася традыцыйная акцыя «Лета з кнігай», бібліятэкары Таццяна Летунова і Ларыса Берташ запрасілі сваіх самых актыўных чытачоў на сустрэчу за кубкам гарбаты, уручылі ім дыпломы і падарункі, якія прадаставіў Інстытут імя Гётэ ў Мінску.

Згадзіцеся, трэба быць вельмі захопленым, самаарганізаваным і матываваным, каб чытаць кнігі на замежнай мове. Менавіта такія вучні і сабраліся ў бібліятэцы. Надзвычай прыемна было пагаварыць з імі, распытаць аб поспехах і захапленнях.

Дзесяцікласнік гімназіі №10 Аляксандр Бурак добра ведае як нямецкую, так і польскую мову. Ён расказвае, што каб не пандэмія, гэтым летам змог бы пабываць у моўным лагеры ў Германіі, у які беларускіх школьнікаў запрашаў Інстытут імя Гётэ ў Мінску. Для гэтага трэба было даслаць відэазаяўку на нямецкай мове, пераканаўча аргументаваць, чаму ты хочаш паехаць у лагер. Саша прайшоў адбор, што сведчыць аб яго добрым валоданні мовай. Гаворыць, што ў многім абавязаны гэтым настаўніцы нямецкай мовы Антаніне Аляксандраўне Калечкінай. Акрамя замежных моў, хлопец захапляецца боксам і бальнымі танцамі, з першага класа ўдзельнічае ў гімназічным харэаграфічным калектыве «Грацыя».
На ўсё хопіць часу, галоўнае, каб было жаданне, лічаць юныя паліглоты. Цімур Гаварко любіць футбол, рускую мову і літаратуру, захапляецца складаннем пазлаў (нядаўна з дзвюх тысяч штук склаў карту свету). Таццяна Летунова адзначыла, што ён стараўся браць французскія кнігі з дыскамі, каб адпрацоў-
ваць сваё вымаўленне. І яно выдатнае: у гэтым пераканаліся ўдзельнікі мерапрыемства, для якіх Цімур прачытаў верш на французскай мове.

Васьмікласніцы гімназіі №10 Карыне Леановіч падабаецца нямецкая мова. Акрамя гэтага, яна захапляецца мастацтвам, заканчвае мастацкую школу. Дзевяцікласніца СШ №5 Вераніка Хвясечка таксама робіць вялікія поспехі ў вывучэнні нямецкай мовы, наведвае музычную школу, любіць кулінарыць. Дзесяцікласніца гімназіі-каледжа мастацтваў Дар’я Новік захапляецца англійскай мовай, гаворыць, што вельмі цікава яе выкладаў Максім Уладзіміравіч Міхайлаў. Акрамя таго, Даша вывучае польскую мову, займаецца ў тэатральным класе, любіць валейбол. Сямікласнік гімназіі №10 Кірыл Дубаневіч чытае кнігі на нямецкай мове, а яшчэ сем гадоў займаецца айкідо. Добрыя поспехі ў вывучэнні нямецкай мовы і ў васьмікласніка СШ №1 імя Янкі Купалы Уладзіслава Скачкова, а стымулам з’яўляецца тое, што ў Германіі жывуць яго сваякі.

У час мерапрыемства прагучала добрая навіна для юных і дарослых аматараў нямецкай мовы нашага горада. З верасня аднаўляе сваю работу медыя-аўтобус «DeutschExpress», які будзе прыходзіць у Маладзечна кожную першую і трэцюю сераду месяца з 12.00 да 15.00. Як і раней, ён будзе спыняцца ля будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча па вуліцы Л. Талстога, 4.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/7644-semiklassnik-iz-molodechno-prochital-za-leto-26-knig-na-frantsuzskom-yazyke.html#sigProIddf9f311dd4
Прочитано 192 раз Последнее изменение 15.09.2020 8:42
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить