31.07.2020 16:23

У чым унікальнасць музея ў Яхімоўшчыне

У Мінскай вобласці чатыры філіялы-музеі, прысвечаныя нашаму Песняру: «Вязынка», «Акопы», «Ляўкі» і «Яхімоўшчына». Аднак толькі ў апошнім захаваўся дом 1858 года пабудовы, у якім жыў 24-гадовы Іван Луцэвіч з восені 1906-га па вясну 1907 года, калі працаваў памочнікам вінакура на бровары пана Любанскага.

Філіял-музей «Яхімоўшчына». Філіял-музей «Яхімоўшчына».

— Менавіта ў гэтым пакойчыку і кватараваў паэт, толькі ў той час тут быў асобны выхад на вуліцу, — расказвае нязменная з дня адкрыцця музея загадчыца Святлана Ціс.

Дом (на той час летняя кухня) належаў пану, у ім жыў яго эканом з сям’ёй. У свабодны пакой і пасялілі новага работніка, акрамя таго, забяспечылі яго бясплатным пансіёнам. Пра гэты перыяд свайго жыцця Купала напісаў: «Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ не меў». Відаць, працаваць яму даводзілася цяжка. Між тым менавіта тут ён склаў свой знакаміты верш «А хто там ідзе?», перакладзены на 84 мовы свету. «У Яхімоўшчыне ён напісаў і іншыя творы, якія пазней увайшлі ў зборнік «Жалейка». Адметна, што ў музейнай экспазіцыі захоўваецца гэта кніга, якая выйшла пры жыцці паэта. Каштавала яна па тых часах нямала – 50 капеек, кнігі іншых аўтараў ацэньваліся па 10-20 капеек.

Дотык рук маладога Купалы памятаюць не толькі сцены гэтага дома, але і ручка на старых дзвярах, якія таксама захаваліся з купалаўскіх часоў. Каб надаць ім першапачатковы выгляд, з іх знялі фарбу. Калі Святлана Ціс праводзіць экскурсію, звяртае ўвагу на гэтыя дзверы. Дакрануцца да іх, патрымацца за жалезную ручку – нязменны рытуал, асабліва для пачынаючых паэтаў… Захаваўся і камін, які быў сапраўдным упрыгажэннем гэтага даволі сціплага дома.

А яшчэ трэба абавязкова паглядзецца ў люстэрка, якое стаіць на этажэрцы. Яно належала жонцы паэта Уладзіславе Францаўне, цёці Уладзі.

— Сімвалічна, што ў Яхімоўшчыне Янка Купала пазнаёміўся з братам сваёй будучай жонкі інжынерам Вікенціем Станкевічам, які прыязджаў сюды па службовых справах. І хаця з Уладзіславай паэт спаткаецца толькі праз некалькі гадоў у Вільні, нітачка працягнулася адсюль.

Цёця Уладзя яшчэ ў 1959 годзе прыязджала сюды, узнімала пытанне аб адкрыцці музея. Аднак пры яе жыцці гэтага не здарылася. Дзякуючы сумесным намаганням і вялікай зацікаўленасці былога старшыні сельгаспрадпрыемства «Яхімоўшчына» Генадзія Бажко, супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску ў 2001 годзе філіял расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Над афармленнем экспазіцыі працаваў мастак Генадзь Чысты. Вельмі да месца ў музеі партрэты Песняра, пейзажы маладзечанскага мастака Кастуся Харашэвіча.

Рыхтуецца новая экспазіцыя

Пра гэтыя і многія іншыя цікавыя факты можна даведацца ў час экскурсіі ў філіяле-музеі, якому налета споўніцца 20 гадоў. Радуе, што напярэдадні гэтай даты тут распачаты рамонт, многае ўжо зроблена як звонку так і ўнутры.

— Грошы на рамонт выдзеліла Міністэрства культуры. Зроблены ўжо адмосткі будынка, санвузлы, абодва ганкі, дзверы і прыступкі ў падвальнае памяшканне, — расказвае Святлана Ціс. – А яшчэ вельмі радуе, што рыхтуецца новая экспазіцыя, якая дасць больш поўнае ўяўленне пра яхімоўшчынскі перыяд жыцця паэта, раскажа, з кім ён працаваў і сябраваў.

Усе гэтыя 20 гадоў Святлана Уладзіміраўна з дапамогай зацікаўленых жыхароў сваёй і навакольных вёсак збірае экспанаты, звязаныя з іменем Янкі Купалы, яго эпохай. Адзін з рарытэтаў – медны самавар, што перадала музею Сцепаніда Шаўчэнка з вёскі Літва. Яе бацька Зянон быў сталяром, пан яго вельмі шанаваў, падарыў яму гэты самавар. Купала сябраваў з Зянонам, прыходзіў да яго ў госці, не раз піў гарбату з гэтага самавара, які трапіў у музей, дзякуючы былой настаўніцы з Літвы Яўгеніі Чаплінскай, чалавеку вельмі нераўнадушнаму, сапраўднаму патрыёту малой радзімы. Захаваўся для гісторыі і яшчэ адзін цікавы і чуллівы факт. У штодзённы паёк Купалы ўваходзіў кавалачак сметанковага масла.

Сэканомленыя порцыі паэт прыносіў жонцы сталяра, каб яна захоўвала іх у холадзе, а ў канцы тыдня адвозіў гасцінец сваёй сям’і, у якой ён застаўся адзіным карміцелем.

У асобным пакоі музея – рэчы сялянскага побыту пачатку XX стагоддзя. Як і ў Вязынкаўскім музеі, ёсць тут свая люлька, падвязаная да столі. Наведвальнікі, якія мараць пра патомства, стараюцца абавязкова палюляць ляльку, якая ляжыць у калысцы… Прыцягвае ўвагу шыкоўная калекцыя рубанкаў, сярод якіх – рэдкі інструмент з чатырма ручкамі, для дваіх чалавек. Ткацкі станок, скрыпка, цымбалы – у кожнай рэчы свая гісторыя. Былы старшыня Палачанскага сельвыканкама Уладзімір Станкевіч перадаў бурнос з воўны, які пашыў яго дзед.

— І кажухі мы збіраем. Сярод тых, што нам перадалі, ніводнага падобнага, у кожным ёсць нешта адметнае. Ёсць у нас і плюшавікі, вось толькі тонкага, няўцепленага, у калекцыі не хапае. Магчыма, у каго-небудзь на гарышчы пыліцца? Будзем удзячныя, калі нам перададуць, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна.

І з задавальненнем адзначае, што гэтым летам жыхары нашага раёна часцей сталі прыязджаць у музей сем’ямі. Як правіла, гэта маладыя пары, якія цікавяцца гісторыяй, літаратурай сваёй радзімы. Наведваліся і замежныя госці. Француз, які завітаў у музей з перакладчыкам, быў надзвычай здзіўлены, калі Святлана Ціс знайшла для яго пераклад на яго родную мову верша «А хто там ідзе?». Ён з задавальненнем уголас яго прачытаў і сказаў, што французская мова ніколі не гучала так прыгожа, як у гэтых гістарычных сценах. Менавіта гэты верш сябар Купалы Андрэй Посах, настаўнік з Гарадзілава, перадаў Максіму Горкаму ў час экскурсіі па Італіі, і той пераклаў яго на рускую мову. І гэта яшчэ адзін адметны факт, яшчэ адна нагода пабываць у музеі і на свае вочы ўбачыць рукапісны варыянт знакамітага твора. І ў чарговы раз адчуць гонар, што ён стаў сусветна вядомым дзякуючы яхімоўшчынскаму перыяду жыцця паэта.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/7359-u-chym-unikalnasts-muzeya-yakhimo-shchyne.html#sigProId7ebd64f79b
Прочитано 479 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить