Последние новости

27.07.2020 14:44

Марыя Баландзіна: «Я вам нясу сваю любоў…»

Марыя Баландзіна -- былы кіраўнік народнага клубнага аб’яднання ветэранаў вайны і працы«Адпачынак».

Марыя Баландзіна,  былы кіраўнік народнага клубнага аб’яднання ветэранаў вайны і працы«Адпачынак». Марыя Баландзіна, былы кіраўнік народнага клубнага аб’яднання ветэранаў вайны і працы«Адпачынак».

У маладосці працавала майстрам на рудніках

Яна азірнулася і ўзмахнула рукой на развітанне. У зіхаценні сонца на захадзе яе бялявыя кудзеркі здаліся светлым німбам над галавой. У сонечным святле нібыта знікла яе сутуласць, што з гадамі лягла на плечы, а лёгкая ўсмешка, што кранула вусны, была, як тады, у далёкім 1988-м.

...Марыя Міхайлаўна з’явілася на парозе кабінета аддзела культуры гарвыканкама з той жа сціплай усмешкай. Я ведала яе: Марыя Баландзіна была вядомай у горадзе настаўніцай-харэографам. Працавала ў Доме піянераў у ансамблі песні і танца «Улыбка», у Доме культуры чыгуначнікаў, выкладала ў СШ №2. Але асноўным месцам яе работы на працягу 45 гадоў была сярэдняя школа №6, цяперашняя гімназія.

Цяжка было паверыць, што гэта танклявая жанчына з Паволжа ў 18-гадовым узросце працавала майстрам на марганцавых рудніках пад Свярдлоўскам. Пасля школы яна закончыла Ліпецкі горна-металургічны тэхнікум і кіравала брыгадай суровых мужчын. Жыццёвыя цяжкасці выкавалі ў дзяўчыне, якая вырасла ў мнагадзетнай сям’і, цвёрды характар і волю. Напэўна, гэта спалучэнне жаноцкасці і адначасова моцнага ўнутранага стрыжня прывабілі будучага мужа Марыі — лётчыка, старшага лейтэнанта, ветэрана Вялікай Айчыннай Веньяміна Баландзіна.

Душа Марыі заўсёды цягнулася да мастацтва. Яна навучылася іграць на акардэоне, асвоіла гітару, мандаліну. А яшчэ была заўзятай спартсменкай: бег і плаванне загартоўвалі моц, постаць і характар.
Кажуць, што чалавек толькі тады адчувае паўнату жыцця, калі не спыняецца на першых яго прыступках. І Марыя Баландзіна, калі выйшла замуж і пераехала жыць у Падмаскоўе, паступіла ў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Яе прыродныя якасці пачалі раскрывацца на прафесійнай аснове. Магчыма, сёння мы ведалі б яе як таленавітую зорку кінематографа. Але муж быў чалавекам ваенным, і маладая жонка ехала, куды яго накіроўвалі. Еўрапейскія краіны — Германія, Венгрыя, Аўстрыя — адкрывалі перад Марыяй новы свет, культуру. І маладая жанчына з трапяткой цікавасцю ўспрымала ўсё новае, нязведанае раней.

Новае прызначэнне палкоўніка Баландзіна стала вяртаннем на радзіму. У Падмаскоўі знаходзіўся ваенны гарнізон «Кубінка» лётнай вайсковай часці. Муж дні і ночы быў на службе. А Марыя зноў абжывала сямейнае гняздо, выхоўвала дзяцей, Веньяміна і Галінку, спалучала дамашнія клопаты з работай у мясцовай школе, дзе кіравала танцавальным гуртком.

Маладзечна – другая радзіма

У 1958 годзе палкоўнік Баландзін атрымаў перавод у Беларусь, перавёз сям’ю ў Маладзечна, якое стала для іх другой радзімай і домам.

Калектывы, з якімі працавала Марыя Міхайлаўна, штогод станавіліся лаўрэатамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У 1986 годзе яе выхаванцы прынялі ўдзел ва Усесаюзным фестывалі дзіцячай творчасці ў Панявежысе, дзе былі ўдастоены звання лаўрэата. Дзяржаўны хор імя Пятніцкага запрашаў ансамбль на стагоддзе Ясеніна. Школьны танцавальны калектыў быў двойчы адзначаны паездкай у ГДР. Работу Марыі Баландзінай высока ацанілі ў Міністэрстве адукацыі: у 1968 годзе яна была ўзнагароджана медалём «За трудовое отличие», пазней — нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы», а ў 1982-м — медалём «Ветэран працы».

Напружана працуючы, няўрымслівая Марыя Міхайлаўна ў 1972 годзе завочна закончыла Вышэйшую прафсаюзную школу па спецыяльнасці «культурна-асветніцкая работа», каб набыць прафесійны вопыт работы ў культурнай сферы. Працуючы шмат гадоў з калектывамі мастацкай самадзейнасці, у 1988 годзе яна вырашыла стварыць ветэранскі клуб і звярнулася з такой прапановай да аўтара гэтага матэрыялу, на той час загадчыцы аддзела культуры гарвыканкама...

Ветэранаў на аб’явы, запрашэнні ў клуб адгукнулася шмат. Нейкі час збіраліся ў бібліятэцы, затым у былым клубе таварыства сляпых, у шостай школе, у актавай зале жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Нарэшце пры садзейнічанні старшыні гарвыканкама Генадзя Карпенкі было вырашана пытанне аб арэндзе актавай залы палітэхнікума. У выканкаме дабіліся выдзялення новых штатных адзінак, бо дагэтуль Марыя Міхайлаўна дзяліла свой невялікі заробак з баяністам. Тамара Прончанка, выкладчыца музычнага вучылішча, узначаліла харавую групу, Георгій Бажко, выкладчык па класе баяна ДМШ, быў прыняты акампаніятарам. Жыццё завіравала. У клубе панавала атмасфера цеплыні, даверу, сяброўства. Кожны меў магчымасць раскрыць у сабе даўно прыхаваныя часам таленты. Развучвалі песні, танцы, інтэрмедыі, абменьваліся дамашнімі праблемамі, дзяліліся жыццёвым вопытам, за кубкам гарбаты віншавалі юбіляраў.

Побач з Марыяй Міхайлаўнай былі яе верныя сяброўкі, першыя ўдзельніцы клуба. Самі стваралі касцюмы, дапамагала ім касцюмер Палаца культуры Людміла Раўба. Дарэчы, менавіта Людміла Канстанцінаўна запрасіла былых удзельніц «Спадчыны» ў танцавальную групу «Адпачынку». Прыйшлі Валянціна Паўленка, Ганна Калодная, Алена Саланенка, пазней Марыя Барташэвіч. Хацелася б таксама ўспомніць ветэранаў клубнага руху, сярод якіх аўтар вершаў, гімна аб’яднання Кацярына Паўлава, саліст хору Андрэй Анікейчык, прыпевачніца Людміла Ціхамірава і яе сястра Тамара Андрэева, Станіслаў Завацкі, вядучы канцэртных праграм, аўтар вершаў Алег Шчукін. Пазней далучыліся былы рэдактар «Маладзечанскай газеты» Аляксандр Хазянін, летапісец клуба, мастак Васіль Таркан, Марыя Прасняцова…

Клуб набыў новае дыханне і размах, калі ў 2002 годзе быў урачыста адкрыты Палац культуры. Яго дырэктар Святлана Сарока з вялікай прыхільнасцю і павагай да ветэранаў вайны і працы выдзеліла клубу новае ўтульнае памяшканне для сустрэч, а таксама малую залу для правядзення рэпетыцый.

Адчулі сябе сапраўднымі акцёрамі

Цікава расказаць і аб тым, як удзельнікі клуба сталі сапраўднымі кінаартыстамі. Адна з расійскіх кінакампаній разам з кінастудыяй «Беларусьфільм» здымала чатыры серыі мастацкай стужкі «Апошні браняпоезд» ля вёскі Красны беражок, што ў Вілейскім раёне. «Адпачынак» запрасілі на кіназдымкі ў масавых сцэнах на ролі бежанцаў. Работа нашых землякоў была станоўча ацэнена пастановачнай групай. А ў 2006 годзе артысты клуба здымаліся ўжо ў новай расійскай кінастужцы «Ворагі». Соф’я Шукайла, Галіна Кузняцова, Тамара Прончанка, Ганна Бадзіна, Дзіна Шапавалава, Ларыса Нікіфарава, Лідзія Пагуда, Соф’я Чэрнікава, Ганна Захарчык, Марыя Тарасава, Тамара Андрэева, Людміла Ціхамірава і, вядома ж, Марыя Баландзіна здымаліся не толькі ў масавых сцэнах, але і ў асобных эпізодах.

Гартаю альбом клуба... Ганаровыя граматы, падзячныя пісьмы, газетныя публікацыі, дыпломы ўдзельнікаў і лаўрэатаў конкурсаў, фестываляў, дыплом і рашэнне Міністэрства культуры аб прысваенні клубнаму аб’яднанню «Адпачынак» ганаровага звання «народны». фатаграфіі... Сярод здымкаў адзін асабліва адметны. У час адкрыцця Палаца культуры Марыя Баландзіна расказвала аб дзейнасці аб’яднання Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку, дзялілася планамі, а пасля прапанавала зрабіць фота на памяць аб сустрэчы з удзельнікамі клуба. Гэты здымак праз нейкі час разам з грашовай прэміяй быў уручаны кожнаму ўдзельніку «Адпачынку» тагачасным старшынёй Мінскага аблвыканкама Мікалаем Дамашкевічам і захоўваецца ў сем’ях як рэліквія.

Школу творчай працы ў «Адпачынку» прайшлі і цяпер праходзяць кіраўнік хору Людміла Пагарэлава, канцэртмайстры Юрый Каламіец і Сяргей Янушкевіч. Гэты дуэт баяністаў упрыгожвае канцэртныя выступленні калектыву.

Марыя Міхайлаўна кіравала «Адпачынкам» 27 гадоў. А калі пачаў падводзіць узрост, ёй на змену запрасілі Вольгу Загорскую, былую салістку Мінскай абласной харавой капэлы «Санорус» і Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы. Цяпер калектыў клуба узначальвае вопытны работнік культуры Ядвіга Чаеўская.

...Плывуць белымі лебедзямі ўдзельніцы вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі. Гнуткія постаці, лёгкія ўсмешкі на тварах. Галоўкі танцорак упрыгожваюць белыя капялюшыкі. На заднім плане — хор. Гледачы ў захапленні ад «Мазуркі». У рэпертуары клуба кампазіцыі «Ля самавара», «За ракой у лугавіне», «Кадрыля», рускія, венгерскія, цыганскія танцы, полькі, вальсы, багаты россып харавых спеваў, гумарэсак, вершаў, інтэрмедый. І ва ўсім гэтым творчым россыпе пакінула адметны след Марыя Баландзіна, таленавітая жанчына з вялікім сэрцам і шырокай душой. Аднойчы яна сказала: «Я ім нясу сваю любоў – сям’і, вучням, сваім аднадумцам ветэранам і моладзі, сваёй любімай справе».
Светламу чалавеку – светлае заканчэнне жыццёвага шляху. Марыя Баландзіна паставіла яго апошнюю кропку ў сонечны ціхі дзень Святой Тройцы. Да высокіх нябёсаў мы Вам нясём сваю любоў, паважаная Марыя Міхайлаўна!

Надзея СІДАРЭНКА.

Фота: архіў ГАРАДСКОГА ПАЛАЦА КУЛЬТУРЫ.

 

Прочитано 466 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить