17.06.2020 12:18

Работнікі культуры Маладзечаншчыны далі старт праекту «Мая вёска»

Цэнтралізаваная клубная сістэма раёна аб’яднала дамы культуры, клубы, бібліятэкі калектыўна-творчай справай «Мая вёска».

Работнікі культуры Маладзечаншчыны далі старт праекту «Мая вёска» Фото з архіва "МГ".

— Яе мэта – захаванне традыцыйнай і народнай культуры, прыцягненне ўвагі грамадскасці да захавання спадчыны нашых продкаў. Праграма ўключае два этапы. У час арганізацыйнага ўдзельнікі збіралі цікавыя факты пра сваю мясцовасць, складалі банк даных знакамітых землякоў. З сакавіка пачалася работа творчых секцый у розных кірунках – выступленне фальклорных калектываў, выстаўкі малюнкаў і фатаграфій, майстар-класы і г.д., — расказвае вядучы метадыст цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Таццяна Кушаль.

Радашковіцкі цэнтр культуры і адпачынку, які ўзначальвае Марыя Дзерыпалава, правёў абрад гукання вясны. Калектыў Путнікаўскага сельскага клуба-бібліятэкі на чале з дырэктарам Ганнай Сокал стварыў лэпбук – рукатворную кнігу-выстаўку пра сваю вёску з дыдактычным матэрыялам, які можна даставаць, разглядаць.

Творча падышлі да справы ў Хоўхлаўскім доме культуры: яго мастацкі кіраўнік Галіна Войтка стварыла пазнавальны відэафільм пра сваю вёску: расказала пра яе багатую гісторыю, пра сённяшні дзень мясцовай сельгасгаспадаркі. Яе сын Уладзіслаў, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, адшукаў у сталічных музеях старыя здымкі хоўхлаўскіх касцёла і царквы.

— Што вас найбольш уразіла ў гісторыі Хоўхлава? – пацікавілася ў Галіны Вячаславаўны.

— Тое, што ў старажытныя часы яна мела назву Хоўхла і статус горада, тут было чатыры касцёлы і сем цэркваў, шмат магазінаў і рамесных крам, працавала народнае вучылішча. Тут друкаваў свае кнігі беларускі асветнік Сымон Будны, — расказвае жанчына.

Даведацца больш пра творчых людзей свайго краю дапамагае і інтэрнэт-эстафета «Нашы паэты», якую клубная сістэма праводзіць сумесна з цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча. У яе рамках чытачы сельскіх бібліятэк чытаюць анлайн вершы мясцовых творцаў і класікаў, якія маюць дачыненне да той ці іншай вёскі. Напрыклад, маркаўскія юныя чытачы дэкламавалі вершы сваіх землякоў Таццяны Сапач і Юльяна Сергіевіча. Мэта праекта: прыцягнуць увагу да твораў мясцовых паэтаў, каб іх пачулі не толькі ў іх роднай вёсцы, але ва ўсім раёне.

З пачаткам лета калектыўна-творчая справа «Мая вёска» набірае абароты. У кастрычніку будуць падведзены вынікі калектыўна-творчай справы, узнагароджаны пераможцы ў кожнай намінацыі.

 

Прочитано 598 раз Последнее изменение 17.06.2020 12:18
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить