18.03.2020 8:48

Зямля натхнення і творчасці: мастакі маладзечанскага краю

Чарговыя заняткі ва ўніверсітэце па краязнаўстве былі прысвечаны вядомым мастакам нашага краю. Старшы навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Наталля Палтавец паведаміла шмат цікавых фактаў пра нашых творцаў, з многімі з якіх яна была знаёмая, кантактуе цяпер. Палотны большасці з іх захоўваюцца ў фондах музея.

Фото в качестве иллюстрации. Фото в качестве иллюстрации. Из открытых источников.

Меер АКСЕЛЬРОД: апявальнік яўрэйскіх мястэчак

Меер Майсеевіч Аксельрод (1902-1970) нарадзіўся ў Маладзечне. Яго бацька валодаў шынком, займаўся піваварэннем. Калі Мееру было 15 гадоў, яго сям’я пераехала ў Мінск. Ён атрымаў вельмі добрую мастацкую адукацыю, вучыўся ў мастацкай студыі ў Мінску, затым у Маскве, дзе і застаўся жыць. Ён любіў прыязджаць у Беларусь, шмат падарожнічаў. Яго малодшы брат Зэлік быў вядомым яўрэйскім паэтам, таму Меер сустракаўся з Янкам Купалам, іншымі літаратарамі. Заўсёды насіў з сабой блакнот, рабіў замалёўкі. Скупымі штрыхамі ён умеў перадаць характар чалавека. Яго называюць апявальнікам яўрэйскіх мястэчак. Ілюстраваў кнігі расійскіх, беларускіх, яўрэйскіх аўтараў. У час вайны жыў у Алма-Аце, дзе па запрашэнні рэжысёра Сяргея Эйзенштэйна ўдзельнічаў у якасці мастака ў здымках фільма «Іван Грозны». Яго першая персанальная выстаўка адбылася ў Маскве перад самай смерцю. Творы Аксельрода захоўваюцца ў Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. У фондах нашага музея знаходзіцца 12 работ вядомага мастака, 8 з іх – малюнкі алоўкам на шпалерах. Яны надзвычай далікатныя, супрацоўнікі музея беражліва ставяцца да іх. Па гэтай прычыне ў экспазіцыі музея выстаўлены якасныя копіі карцін Аксельрода.

 

 

 

 

 

 

 

Раман СЕМАШКЕВІЧ: беларускі Мадзільяні

Жывапісец і графік Раман Мацвеевіч Семашкевіч (1904-1937) нарадзіўся ў Лебедзеве, ён старэйшы сярод 16 дзяцей, кожны з якіх быў надзелены талентам. У час вучобы ў Віленскай гімназіі наведваў студыю выяўленчага мастацтва, якую вёў Язэп Драздовіч. У сярэдзіне 1920-х гадоў нелегальна перайшоў польскую мяжу, апынуўся ў Мінску, затым у Маскве. Сучаснікі высока цанілі яго мастацтва, называлі беларускім Мадзільяні: як і італьянскі мастак, ён мог зрабіць малюнак алоўкам, не адрываючы рукі. Ён напісаў партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Валянціна Таўлая, іншых вядомых лю-
дзей. У 1937 годзе быў арыштаваны і расстраляны, рэабілітаваны ў 1958-м.
Пры арышце было канфіскавана больш за 270 яго работ, якія шукаюць да гэтага часу. У Беларусі знаходзіцца не больш за 15 твораў аўтара. Наталля Палтавец расказала, што ў Лебедзеве не так даўно знайшлі ікону, мяркуецца, што яе напісаў Раман Семашкевіч.

 

 

 

 

 

 

Ядвіга РАЗДЗЯЛОЎСКАЯ: карціны пад музыку Шапэна

Ядвіга Іосіфаўна Раздзялоўская (1902-1992) нарадзілася ў Польшчы, закончыла там Люблінскую і Варшаўскую мастацкія школы. Ратуючыся ад вайны, жыла ў Баранавічах, пазней у Маладзечне, разам з мастаком Кастусём Харашэвічам стварыла ў нашым горадзе студыю выяўленчага мастацтва, выкладала ў ёй. Маладзечанскі музыкант і мастак Юрый Церабун прысвяціў ёй фільм, пакінуў успаміны. Той, каму пашчасціла быць знаёмым з ёю, адзначае яе выдатны мастацкі густ, прыроджаную далікатнасць і арыстакратызм. Яна выдатны партрэтыст, працавала ў галіне жанравай карціны, пейзажа, нацюрморта. Для яе работ характэрныя свежасць, гульня фарбаў, асаблівы погляд на свет. Ядвіга Раздзялоўская – заслужаны дзеяч культуры Польшчы, дзе знаходзіцца большая частка яе работ. У нашым музеі захоўваецца шэсць жывапісных і шэсць графічных работ. Любімым кампазітарам мастачкі быў Фрэдэрык Шапэн, з якім яна нарадзілася ў адзін дзень – 1 сакавіка. У гэты дзень Ядвіга Іосіфаўна ня-
зменна збірала сваіх сяброў-мастакоў, выконвала на фартэпіяна творы Шапэна.

 

 

 

 

 

 

Кастусь ХАРАШЭВІЧ: глыбокія фарбы, жыццёвая мудрасць

Многія аматары выяўленчага мастацтва добра ведаюць творчасць нашага знакамітага земляка члена Саюза мастакоў Беларусі Кастуся Іванавіча Харашэвіча (1927-2013). Яго радзіма — вёска Літва. У гады вайны ён вучыўся ў гандлёва-адміністрацыйнай школе ў Маладзечне, з-за чаго яму не дазволілі паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. Толькі ў 31 год ён закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. З пачатку 1960-х пастаянны ўдзельнік мясцовых і рэспубліканскіх выставак. У 1959-1973 гадах кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва, выхаваў цэлую плеяду творцаў. Аб сваім няпростым жыцці ён напісаў кнігу ўспамінаў «Зведанае і перажытае». Кастусь Іванавіч пакінуў пасля сябе звыш 500 палотнаў. Іх не зблытаеш ні з якімі іншымі: цёмныя, глыбокія фарбы, такая ж глыбокая жыццёвая філасофія. У яго шмат партрэтаў слынных сыноў Беларусі: Янкі Купалы, Браніслава Тарашкевіча, Барыса Кіта і многіх іншых. Грандыёзныя па памерах гістарычныя карціны зробленыя па заказе Мінскага абласнога краязнаўчага музея. Захоўваюцца яго творы і ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Пастаянная экспазіцыя яго палотнаў знаходзіцца ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне. Інфармацыя пра мастака змешчана ў Сусветнай энцыклапедыі мастацтва.

 

 

 

 

 

Юрый ГЕРАСІМЕНКА-ЖЫЗНЕЎСКІ: аўтар першага герба Маладзечна

Выдатны беларускі графік Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі (1948-1997) родам з вёскі Даўгінава, што на Вілейшчыне. Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута выкладаў у Маладзечанскай мастацкай школе. Працаваў у кніжнай, станковай, абстрактнай графіцы, стаў дыпламантам рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў кнігі. Быў адным са стваральнікаў аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў музычным каледжы імя М.К. Агінскага. 20 гадоў кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва пры гарадскім Доме культуры, падрыхтаваў шмат таленавітых вучняў. Сярод найбольш значных яго работ партрэты Янкі Купалы, Кастуся Каліноўскага, Генадзя Каханоўскага і інш. Ён аформіў раман Васіля Быкава «Знак бяды», іншыя беларускія кнігі. Юрый Паўлавіч стаў аўтарам першага герба Маладзечна з лістом папараці. Яго ідэя – скрыпічны ключ у выглядзе папараці — увасобілася ў помніку-сімвале Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», што ўстаноўлены ля Летняга амфітэатра ў гарадскім парку.

 

 

 

 

 

 

 

Васіль ЛАЗОЎСКІ: умеў разгледзець талент у кожным дзіцяці

Майстрам нацюрморта, пейзажа называюць Васілія Міхайлавіча Лазоўскага (1953-2015), які пакінуў свой адметны след у мастацтве. Ён родам з вёскі Татаршчызна, што ў нашым раёне. Вучыўся ў СШ №4, закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, быў сябрам Саюза мастакоў Беларусі. Працаваў у гарадской дзіцячай мастацкай школе амаль з самага яе заснавання, выкладаў малюнак і жывапіс. Ён быў цудоўным педагогам, які ўмеў разгледзець і развіць у дзецях іскрынкі таленту. Шмат яго вучняў знайшлі сябе ў мастацтве. Васіль Міхайлавіч любіў рабіць замалёўкі старога Вільнюса, асабліва Вострай брамы. Ён удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх, гарадскіх выстаўках. У нашым музеі праходзіла яго персанальная выстаўка.

У час заняткаў універсітэта па краязнаўстве Наталля Палтавец распавядала таксама пра нашых сучаснікаў-мастакоў Леаніда Дударэнку, Аляксандра Пашкевіча, Уладзіміра Тамашэвіча, Рыгора Мяжуева, Сяргея Пісарэнку, праз відэапрэзентацыю пазнаёміла з некаторымі іх творамі. З вялікай цікавасцю прысутныя слухалі інфармацыю пра нашага таленавітага земляка Міколу Аўчыннікава, выстаўка якога ў лютым адкрылася ў музеі. Пасля лекцыі многія падоўгу спыняліся ля карцін: пазнавалі на іх знаёмыя краявіды, вёскі, мястэчкі. І ў думках дзякавалі мастаку за творчасць, за тое добрае і вечнае, што закладзена ў кожным яго палатне.

НАРОДНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ ПА КРАЯЗНАЎСТВЕ -- сумесны праект раённага савета ветэранаў, рэдакцыі «Маладзечанскай газеты», Мінскага абласнога краязнаўчага музея, прысвечаны 80-годдзю Маладзечанскага раёна

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Прочитано 497 раз Последнее изменение 18.03.2020 8:48
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Души откровение в звуках романса Душа, як ліра… »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить