Мебель
21.02.2020 16:08

Выстаўка мастака Міколы Аўчыннікава: вяртанне да крыніцы

Кожная выстаўка мастацкіх работ Міколы Аўчыннікава з’яўляецца яркай падзеяй у творчым жыцці нашага раёна. Нядаўна супрацоўнікі Мінскага абласнога краязнаўчага музея разам з творцам запрасілі прысутных у цікавую вандроўку па маляўнічых мясцінах Беларусі.

Мастак Мікола Аўчыннікаў Мастак Мікола Аўчыннікаў "Маладзечанская газета"

На ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Вяртанне да крыніцы», якая прадоўжыцца да 1 сакавіка, прыйшлі шматлікія прыхільнікі творчасці Міколы Аўчыннікава, калегі па цэху, сваякі. Сярод гасцей таксама былі настаяцель храма, сакратар Маладзечанскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Віталій Багданёнак, дырэктар гімназіі-каледжа мастацтваў Іна Рушук. Менавіта ў гэтай установе Мікола Аўчыннікаў узначальвае мастацкае аддзяленне і шчодра дзеліцца сваім талентам з падрастаючым пакаленнем. На выстаўку прыйшло шмат юнакоў і дзяўчат, якія адкрываюць для сябе неабсяжную краіну мастацтва.

Аўтар прадставіў творчыя работы пераважна ў акварэлі, напісаныя на пленэрах у розныя гады жыцця. Ёсць творы з 1980-х, якія раней не дэманстраваліся шырокаму колу гледачоў. Назвы палотнаў гавораць самі за сябе: «Дарога ў Гарадок. Воблачны дзень», «Апошнія дні зімы на возеры Мядзел», «Плябань», «Драўляны млын у Гальшанах», «Крэва», «Залессе»…

— Мне падабаецца падарожнічаць па Беларусі, удзельнічаць у пленэрах, прысвечаных адметным асобам нашай зямлі, сярод якіх Язэп Драздовіч, Фердынанд Рушчыц, Казімір Бахматовіч, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Міхал Клеафас Агінскі... — заўважае Мікола Аўчыннікаў. — А яшчэ заўжды вяртаюся да тых мясцін, дзе вырас і жыву, каб напіцца з родных крыніц, што даюць сілы.

Мастак родам з вёскі Гарадзец, што на Гомельшчыне, але Маладзечаншчына стала яго другой радзімай. У творах занатаваныя архітэктурныя помнікі краю — як існуючыя, так і страчаныя. Напрыклад, трыумфальная арка, старыя могілкі, храмы з серыі «Зніклая архітэктура Маладзечна», «Помнікі архітэктуры і культуры Маладзечанскага краю».
На пытанні, які колер мастаку падабаецца найбольш, Мікола Аўчыннікаў адказаў:

— Блакітны. Ён такі ж глыбокі і неабсяжны, як само неба. Мне падабаецца, калі на палотнах адчуваецца прастора.
Гледачы могуць азнаёміцца і з інфармацыйнымі матэрыяламі пра творчасць Міколы Аўчыннікава, у тым ліку з артыкуламі з «Маладзечанскай газеты», а таксама з нямецкай, польскай і літоўскай перыёдыкі. Тэматычныя вітрыны аздобленыя ручнікамі, якія калісьці ткалі яго бабулі.

Работы мастака прадстаўляліся больш чым на 200 выстаўках у Беларусі, Латвіі, Расіі, Эфіопіі, Літве, Ірландыі, Германіі, Швецыі, Бельгіі, Польшчы. Яго творы захоўваюцца ў фондах музеяў нашай краіны, у тым ліку Нацыянальнага мастацкага і Мінскага абласнога краязнаўчага. З 1988 года Мікола Аўчыннікаў з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў, ён узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве». Менавіта гэту ацэнку ён лічыць для сябе самай высокай. І, безумоўна, даражыць павагай і цікавасцю прыхільнікаў.

Ірына РАБУШКА.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/6320-vysta-ka-mastaka-mikoly-a-chynnikava-vyartanne-da-krynitsy.html#sigProId46821b809d
Прочитано 436 раз Последнее изменение 21.02.2020 16:08
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить