04.02.2020 15:12

У Маладзечанскім раёне ёсць «нямецкі» млын

Ён прыцягвае ўвагу цікаўных маладзечанцаў і гасцей.

Млын ля вёскі Салтаны. Млын ля вёскі Салтаны. "Маладзечанская газета".

У пачатку ХХ стагоддзя Беларусь можна было назваць краем ветраных млыноў. Тады на тэрыторыі нашай краіны налічвалася некалькі тысяч гэтых збудаванняў. Адно з іх захавалася ў Маладзечанскім раёне ля вёскі Салтаны.

Бачны вятрак здалёк. І гэта не дзіўна. Каб выконваць сваю работу, магутныя крылы павінны былі «злавіць» як мага больш ветравой энергіі. Вось чаму збудаванні рабілі высокімі і размяшчалі на вяршынях узгоркаў. Чым бліжэй да млына падыходзіш, тым больш велічным ён выглядае. На заднім плане адкрываецца чароўны пейзаж. Здаецца, вятрак ахоўвае наваколле. Час патрапаў абшыўку, зламаў крылы. Аднак незвычайны вартавы не пакідае свой пост.

Узведзены ў пачатку мінулага стагоддзя, млын уяўляе сабой сапраўдны музей старадаўніх тэхналогій. Тут да нашага часу захаваліся ўсе асноўныя механізмы. Турысты могуць убачыць каменныя жорны, вал, апорныя слупы, драўлянае кола сістэмы кручэння і гэтак далей. Ёсць нават спецыяльны балкон, куды падымалі мяшкі са збожжам. На адным з жорнаў ёсць дата: «1979 23-8». Значыць, працаваў вятрак не так яшчэ і даўно.

Па даведніках вызначылі тып збудавання. Аказваецца, канструкцыя млына называецца «казлоўка». У Еўропе такія называлі «нямецкімі». Каб «злавіць» вецер, у адпаведным напрамку паварочвалася ўсё збудаванне. Пры гэтым нагрузка на аснову пабудовы была вялікая. А вытрымаць яе маглі трывалыя козлы, якія ляжалі на ўмацаваным фундаменце.

Нас уразілі адхоны і драўляныя бэлькі, на якія абапіраўся механізм. Кожная з іх зроблена са ствала дрэва і замацавана жалезнымі абручамі. Вертыкальна мацуецца дубовы брус. Нават не верыцца, што такая махіна магла ўручную паварочвацца ў гарызантальнай плоскасці ў любым напрамку.

У нашым млыне каштоўнае тое, што ён цалкам аўтэнтычны (арыгінальны). Яго «калегі», якія «перасяліліся» ў турыстычныя комплексы і музеі пад адкрытым небам, адаптаваныя і мадэрнізаваныя на патрэбу наведвальнікам. Наш жа выступае своеасаблівым стандартам. Таму ён і прыцягвае ўвагу цікаўных маладзечанцаў і гасцей раёна. Як паведамілі мясцовыя жыхары, ля млына нават праводзяцца вясельныя фотасесіі. Шкада толькі, што збудаванне паступова разбураецца.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

Першыя ветракі з’явіліся на Блізкім Усходзе ў VII стагоддзі. Пачынаючы з XII стагоддзя ветраныя млыны атрымліваюць распаўсюджванне ў Заходняй Еўропе. Першыя звесткі аб ветраных млынах («вежах млынавых») на тэрыторыі Беларусі адносяцца да XVI стагоддзя.

У Мінскай губерні ў 1840 годзе было 315 ветракоў. У пачатку 60-х гадоў XIX стагоддзя ў Гродзенскай губерні дзейнічала 347 ветраных млыноў. Некалькі тысяч ветраных установак налічвалася ў БССР у 1950-я гады.

Існавала павер’е, што млынар звязаны са стыхіямі вады і паветра. Таму сяляне надзялялі яго звышнатуральнымі, у тым ліку, вядзьмарскімі здольнасцямі. Людзі верылі, што млынар можа вызначыць па збожжы, прывезеным на памол, ведзьмака або ведзьму, якія «зжалі» чужое поле і забралі чужы хлеб. Часта ад яго залежала рэпутацыя таго ці іншага селяніна.

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць 23 ветраўстаноўкі. Яны запушчаны ў Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Самая магутная працуе ў Навагрудскім раёне. Яна выдае 1,5 МВт энергіі. На дадзены момант вецер можа забяспечваць 2-5 працэнтаў энергіі ад агульнага энергабалансу Беларусі.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/6202-u-maladzechanskim-rajone-josts-nyametski-mlyn.html#sigProId37b4b033cb
Прочитано 123 раз Последнее изменение 04.02.2020 15:12
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить