23.01.2020 10:36

Выстаўка «80 год Маладзечанскаму раёну» працуе ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі

15 студзеня наш раён адзначыў сваё 80-годдзе. Менавіта ў гэты дзень у Мінскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка «80 год Маладзечанскаму раёну», якая будзе дзейнічаць да 12 лютага. Тут прадстаўлены прадметы, здымкі, якія ўвасабляюць гісторыю Маладзечаншчыны.

Экспонаты выставки. Экспонаты выставки. "Малалдзечанская газета"

Адкрываецца экспазіцыя партрэтамі Герояў Савецкага Саюза Данііла Казакевіча, Фёдара Маркава, Андрэя Валынца. Тут жа можна ўбачыць, як выглядала самая ганаровая ўзнагарода СССР – залатая зорка Героя.

— Гэта адзіны муляж на нашай выстаўцы, усе астатнія экспанаты сапраўдныя, іх перадалі музею прадпрыемствы, арганізацыі, неабыякавыя жыхары раёна, — расказвае намеснік дырэктара музея па навуковай дзейнасці Эльвіра Яхімовіч, пад кіраўніцтвам якой стваралася гэта часовая экспазіцыя.

Як працяг ваеннай тэмы – унікальныя вырабы з ільну Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў: разведчык на кані, партызан з кулямётам, рэгуліроўшчыца са сцяжкамі.

Многія наведвальнікі пазнавалі на здымку Героя Сацыялістычнай Працы былога старшыню калгаса «Светлы шлях» Уладзіміра Калачыка, прасілі перадаць яму прывітанне са старонак газеты.

— Памятаю, як цёпла прымаў нас Уладзімір Міхайлавіч, калі мы прыехалі ў Заскавічы па экспанаты для нашага музея. Ён перадаў уласныя дакументы, здымкі, за што мы яму вельмі ўдзячныя. Пра такіх заслужаных людзей павінны ведаць не толькі сучаснікі, але і наступныя пакаленні, — падключаецца да размовы старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Палтавец.

Многія прадметы на выстаўцы выклікаюць у наведвальнікаў цёплыя ўспаміны.
— Наша фабрыка музычных інструментаў грымела на ўвесь Савецкі Саюз! Заказаў было столькі, што заставаліся ў ноч працаваць. Каб вы ведалі, колькі ўспамінаў звязана з гэтымі гармонікамі! А яшчэ акардэоны, баяны выпускалі. Былі і маленькія дзіцячыя гармонікі, мы іх называлі «цюлечкі», — з цеплынёй расказваюць былая наладчыца фабрыкі Марыя Крушынская, былая цыклёўшчыца Генуэфа Козел. – Бачыце, на гэтым незвычайным акардэоне выкладзены літары «на памяць»? Яго зрабілі спецыяльна ў падарунак майстру-самародку Мікалаю Судніку, які стаяў ля вытокаў стварэння нашай фабрыкі, добра, што на выстаўцы змясцілі і яго фотаздымак.

Побач – фота Валерыя Бусарава, вядомага майстра Радашковіцкага аб’яднання мастацкай керамікі, яшчэ аднаго нашага знакамітага прадпрыемства з багатай гісторыяй, якое, дарэчы, мае свой музей.

— Менавіта такую сукенку: зялёную з аддзелкай у клетачку насіла мая дачушка, — з замілаваннем гаворыць адна жанчына, якая спынілася ля вырабаў швейнай фабрыкі «Камсамолка». — Яны карысталіся папулярнасцю найперш за тое, што шыліся з натуральных тканін.

Адзін з куткоў выстаўкі стылізаваны пад савецкую цырульню: сушылка для валасоў, плойка для завіўкі, бігудзі, модныя ў 1970-я шыньёны і парыкі… На сцяне – узоры прычосак: сэсан, паж, бабета. Не хапае толькі чаргі да цырульніка, у якой нашы жанчыны маглі цярпліва сядзець гадзінамі. Чамусьці сістэмы запісу тады не было…

— Зусім нядаўна мы сушылі валасы пад такімі «агрэгатамі», — з усмешкай разглядае масіўны прыбор Ларыса Удовіна, старшыня пярвічнай ветэран-
скай арганізацыі завода «Рамбыттэхніка».

Здаецца, няшмат часу прай-шло, а ўсё кардынальна змянілася: на змену cушылкам прыйшлі элегантныя фены, засталася ў мінулым мода на хімічныя завіўкі, чэргаў няма. І ўсё ж многія наведвальнікі выстаўкі з настальгіяй успаміналі савецкія часы. І найперш, напэўна, таму, што гэта была іх маладосць.

Дзякуй супрацоўнікам музея, якія рупліва збіраюць, беражліва захоўваюць такія экспанаты. У прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў, якія сталі сведкамі станаўлення і росквіту нашага раёна, яны выклікаюць светлыя ўспаміны, моладзі даюць магчымасць дакрануцца да гісторыі. І чым больш гадоў мінае, тым больш каштоўнымі яны становяцца…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/6117-vysta-ka-80-god-maladzechanskamu-rajonu-pratsue-minskim-ablasnym-krayazna-chym-muzei.html#sigProId69254e5048
Прочитано 171 раз Последнее изменение 23.01.2020 10:36
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить