06.12.2019 10:53

Ганаровы грамадзянін Маладзечна Рыгор Сарока адзначыў 75-годдзе

«Музыцы маё прызнанне» — пад такой назвай у гарадскім Палацы культуры прайшоў юбілейны вечар-канцэрт заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна Рыгора Сарокі, які 28 лістапада адзначыў сваё 75-годдзе.

Вядомыя дзеячы беларускай культуры, мясцовыя аматары музыкі сабраліся ў канцэртнай зале. Так супала, што ў гэты дзень у нашым горадзе праходзіла пятая сустрэча гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Польшчы, таму на юбілейным канцэрце прысутнічалі дыпламаты, кіраўнікі польскіх і беларускіх гарадоў. І гэта вельмі сімвалічна: музыка, якой столькі дзесяцігоддзяў верна служыць наш паважаны юбіляр, не ведае межаў і адкрывае сэрцы, збліжае жыхароў розных краін.


Галоўнае дзецішча — аркестр

У час гастроляў са сваім сімфанічным аркестрам у Нідэрландах Рыгор Сямёнавіч атрымаў неспадзяваны падарунак: мясцовая мастачка зрабіла графічны эскіз, на якім — дырыжор і яго музыканты ў час выступлення. Яшчэ адзін «Эскіз да партрэта», толькі кінематаграфічны, стварылі калегі-педагогі. Яго ў пачатку юбілейнага канцэрта прадставілі гледачам. У фільме раскрываюцца многія грані асобы нашага земляка, які плённа спалучае пасаду дырэктара Маладзечанскага музычнага каледжа імя
М.К. Агінскага, педагога, а таксама мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора сімфанічнага аркестра, якому прысвоена званне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь.

— Якое з гэтых амплуа для вас галоўнае? Што вы ставіце на першае месца? – прагучала ў фільме пытанне.

— Сімфанічны аркестр – маё творчае дзіця, выпеставанае за 40 гадоў, — адказвае музыкант.

Роўна 40 гадоў таму ён стаў за дырыжорскі пульт гэтага найскладанейшага арганізма, які музыказнаўцы называюць «вялікім цудам з маленькага Маладзечна». Сёння яму падуладныя ўсе музычныя жанры і стылі. Ён рыхтуе шэсць, а тое і больш праграм на год. Запісана звыш дваццаці музычных альбомаў, артыкул пра аркестр змешчаны ў Беларускай энцыклапедыі. Універсальнасць, мабільнасць, высокі прафесіяналізм музыкантаў даюць магчымасць калектыву выступаць з вядомымі салістамі на самых прэстыжных сцэнах краіны і замежжа. Многія з іх нібы віталі гледачоў юбілейнага вечара з відэаэкрана: Уладзіслаў Сулімскі, Анатолій Сіўко, Дзяніс Янцэвіч, Андрэй Мацюшонак, Валянцін Сухадолец, Алена Сало, Алег Елісеенкаў, Пётр Ялфімаў, Жанэт… І гэты спіс можна працягваць вельмі доўга.


«Дрэнны той дырыжор, які не марыць пра оперу»

Так мяркуе Рыгор Сямёнавіч, які стаў рухавіком, галоўным генератарам ідэі стварэння Маладзёжнага музычнага тэатра, у якім пастаўлена не адна опера і які з цягам часу атрымаў званне народнага.

Нельга не сказаць і пра тое, што Рыгор Сарока – заснавальнік і старшыня праўлення дабрачыннага фонду «Спадчына М.К. Агінскага», дзякуючы яго намаганням у нашым горадзе быў устаноўлены адзіны ў Беларусі помнік вялікаму кампазітару.

Застаецца толькі здзіўляцца, як удаецца Рыгору Сямёнавічу сумяшчаць такія грандыёзныя творчыя праекты з плённай адміністрацыйнай работай.

— Дырэктарства для мяне – таксама вялікая творчасць, — прызнаецца маэстра. – Бо кожны з маіх калег – творчая асоба, да якой патрэбен нетрафарэтны падыход.

І да гэтага канцэрта наш паважаны юбіляр таксама падышоў нестандартна. Яго жаданне, каб гледачы адпачывалі душой, а не слухалі прамовы, агучыла вядучая Таццяна Тарасава. І яно было выканана. Са сцэны не прагучала ніводнага віншавання, затое цешылі душу чароўная музыка Пятра Чайкоўскага, Аляксандра Барадзіна, Ігара Лучанка і іншых кампазітараў. Нельга было не захапляцца віртуознай ігрой у суправаджэнні аркестра вядомага піяніста з Санкт-Пецярбурга Алега Вайнштэйна. Уражваў шматгалоссем і бездакорным выкананнем змешаны хор нашага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай. Усё ў гэты вечар было арганізавана з вялікім густам. Выхоўваць музычны густ сваіх землякоў – гэтай высокай ідэі на працягу многіх дзесяцігоддзяў служыць Рыгор Сарока. І яму гэта ўдаецца, аб чым сведчаць поўныя залы на канцэртах яго калектыву.

Дарэчы, у гэты цудоўны вечар ніхто з музыкантаў аркестра не застаўся без кветак: з дазволу гледачоў юбіляр падзяліўся з імі букетамі, якія з удзячнасцю дарылі яму калегі, сябры, прыхільнікі таленту.

— Я шчаслівы, што жыву ў гэтым горадзе, што сорак гадоў выхоўваю моладзь, якая праслаўляе нашу Беларусь, — сказаў са сцэны расчулены юбіляр.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: Святлана КУРЭЙЧЫК.

Прочитано 460 раз Последнее изменение 06.12.2019 10:53
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить