04.10.2019 11:07

«Бэз малюецца на шчасце»

Такую паэтычную назву носіць кніга пра заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Аракчэева, якая ўбачыла свет дзякуючы яго дачцэ Аксане Аракчэевай. Нядаўна ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася сустрэча з ёю, а таксама з нашай зямлячкай пісьменніцай Тамарай Бунта, кнігі якой яна афармляла.

Ураджэнец Яраслаўскай губерні, франтавік, ён, як трапна сказаў краязнавец, пісьменнік Міхась Казлоўскі, «урос у беларускую глебу». Без яго пейзажаў, нацюрмортаў, партрэтаў, тэматычных палотнаў, без яго непаўторных бэзавых гронак айчыннае мастацтва было б нашмат больш бедным… Акрамя таго, ён быў выдатным педагогам, выкладаў у Акадэміі мастацтваў, выхаваў цэлую плеяду мастакоў.

Аўдыторыя сабралася зацікаўленая: навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў, аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Хочацца спадзявацца, яны і да гэтага былі знаёмыя з творчасцю Барыса Аракчэева. Вялікая ўдача – пачуць расповед пра яго з вуснаў блізкага чалавека. Аксана Барысаўна шчыра, з любоўю распавядала пра бацьку, сваю
сям’ю. Яе маці таксама творчы чалавек, яна загадвала касцюмерным цэхам у оперным тэатры. У сям’і выраслі тры дачкі: Алёна, Марына, Аксана. І што цікава, яны сталі мастачкамі, нарадзілі сыноў – чацвярых на ўсіх…

Малодшая Аксана вядомая сваёй станковай і кніжнай графікай (яна аформіла больш за 50 кніг), жывапіснымі работамі, сярод якіх знакамітая серыя «Мінскія вокны», партрэтамі вядомых беларусаў, у тым ліку вядучых салістаў Нацыянальнага вялікага тэатра оперы і балета, за якія яна была ўзнагароджана дыпломам ЮНЕСКА. У час сустрэчы яна ўспамінала, што вялікім шчасцем было паехаць разам з татам летам на пленэр, быць побач з ім, такім занятым, цэлыя два месцы. Змалку ў кожнай з сясцёр былі свае абавязкі па доме. Аксана, напрыклад, з пяцігадовага ўзросту хадзі-
ла ў магазін па хлеб і аднойчы зімой згубіла бохан у сумётах…

— Жылі мы небагата, цукеркі былі толькі па святах. А ў маёй сяброўкі тата-саксафаніст іграў у рэстаране, добра зарабляў, на стале ў іх заўсёды стаяла ваза з шакаладнымі цукеркамі. «Стану дарослай — і абавязкова завяду сабе такую вазу», – думала я тады, — шчыра расказвала мастачка ў час прэзентацыі.

З сумам прыгадала, што бацька ў апошні дзень свайго жыцця закончыў работу над карцінай, прысвечанай Янку Купалу. Паралельна і яна працавала над партрэтам Песняра… Шэсць гадоў няма сярод нас Барыса Аракчэева. Кніга, у якой успамінамі пра яго падзяліліся 50 чалавек, стала сапраўдным помнікам творцу.

— У гэтай кнізе – усё маё жыццё, — чулліва сказала дачка.

Працягваючы размову пра мастака, наша зямлячка Тамара Бунта прыгадала, як Аксана сабрала цэлы аўтобус аднадумцаў і правезла іх па месцах, звязаных з жыццём і творчасцю бацькі. У час яе кожны адкрыў для сябе новыя грані таленту мастака, дакрануўся да яго багатай спадчыны, якую так беражліва захоўвае, з такой любоўю папулярызуе яго дачка.

Расказваючы пра сумесную работу над кнігамі «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка» і «Чароўны кошык», Тамара Пятроўна ўспамінала:

— Мне вельмі важна было, каб галоўная гераіня першай кніжкі была з кароткай стрыжкай, як я ў дзяцінстве. Аднак калі ставіла такую ўмову, дзве мастачкі адмовіліся яе афармляць. І толькі Аксана пагадзілася. Яшчэ больш, папрасіла фатаграфіі маіх сваякоў, намалявала герояў, вельмі падобных на іх.

У выніку жанчыны пасябравалі, а іх кнігі атрымаліся надзвычай маляўнічымі, прыгожымі, хутка разышліся ў магазінах.

— Я і сама ў маленстве насіла кароткую прычоску. Таму просьба Тамары Пятроўны была мне зразумелай, – прызналася мастачка.
А маладым людзям, якія з цікавасцю слухалі яе, задавалі пытанні, пажадала шукаць свой стыль, шмат працаваць і ні ў якім разе не халтурыць, калі мараць стаць паспяховымі мастакамі.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/5451-bez-malyuetstsa-na-shchastse.html#sigProIdf11083b539
Прочитано 80 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить