15.08.2019 8:09

Памятаюць у Вязынцы Зінаіду Бандарыну

Сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Зінаіды Бандарынай — пісьменніцы, педагога, адной з першых загадчыц філіяла музея Янкі Купалы ў Вязынцы і аўтара першай аповесці пра дзіцячыя і юнацкія гады народнага паэта «Ой, рана на Івана…».

Зінаіда Бандарына. Зінаіда Бандарына.

Мерапрыемства, прысвечанае пісьменніцы, прайшло нядаўна для дарослых і юных чытачоў сельскай бібліятэкі-клуба в. Вязынка. Вялі яго мясцовы бібліятэкар Людміла Ракоць, яе калега з Аляхновіч Таццяна Касіла.

Пісьменнік, краязнавец Міхась Казлоўскі расказаў пра жыццёвы і творчы шлях Зінаіды Бандарынай. Да слова, звесткі пра яе Міхась Міхайлавіч уключыў у падрыхтаваны ім краязнаўчы даведнік «Славутыя людзі Маладзечаншчыны», выдадзены Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча. Нарадзілася пісьменніца 11 кастрычніка 1909 года ў сям’і настаўнікаў у Гродне. Вучылася ў Беларускім педагагічным тэхнікуме імя У. Ігнатоўскага, у 1933 годзе закончыла Інстытут кінематаграфіі ў Маскве. У юнацтве захаплялася жывапісам, пісала карціны. Настаўнічала ў беларускіх школах, у тым ліку і ў школе для перасяленцаў-беларусаў у сібірскім пасёлку Медзякова. У гады Вялікай Айчыннай вайны служыла санінструктарам у дывізіі Панфілава. Пасля вайны працавала дырэктарам Дома народнай творчасці ў Гродне.

У 1948-1950 гадах яна была адной з першых загадчыц філіяла-музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Жыла ў вёсцы Сяледчыкі, што пазней злілася з Вязынкай, дзе пачала збіраць матэрыял пра Песняра. Пазней з сынам Косцікам, які ў дарослым жыцці стаў урачом, перабралася ў Радашковічы. Адтуль пешшу хадзіла на Лагойшчыну ў Акопы, дзе ў свой час жыў Янка Купала.

У сваёй аўтабіяграфічнай аповесці наша зямлячка ўспамінае сустрэчу з паэтам і яго жонкай Уладзіславай Станкевіч, у час якой юнай Зінаідзе паэт падарыў першую ў яе жыцці беларускую кнігу «Матчын дар» Алеся Гаруна са словамі: «Чытай, а што хочаш, і на памяць вывучы. Як прыйдзеш да нас яшчэ раз, раскажаш».

Вязынку Бандарына ўзгадвае ў сваёй аповесці «Ой, рана на Івана…», якая выйшла у 1956 годзе. Цяперашняя загадчыца філіяла-музея Янкі Купалы ў Вязынцы Лілія Норка расказала ўдзельнікам мерапрыемства пра перапіску Зінаіды Бандарынай і Уладзіславы Станкевіч, зачытала ўрыўкі з пісьмаў, якія захоўваюцца ў сталічным музеі Янкі Купалы.

У Радашковічах пісьменніца пасябравала з Верай Тарашкевіч-Ніжанкоўскай, жонкай беларускага грамадскага дзеяча Браніслава Тарашкевіча. «Мы з ёй адразу перайшлі на ты», — прыгадвала Вера Тарашкевіч, якая захоўвала кнігу з яе аўтографам.
Зінаіда Бандарына аўтар празаічных і паэтычных кніг «Веснацвет» (1931 год), «Лясныя госці» (1960), аповесці «Ой, рана на Івана…». У 50-ыя гады яна працавала ў газетах «Зорка», «Літаратура і мастацтва».

На жаль, жыццё таленавітай жанчыны было кароткім – усяго 49 гадоў, яе не стала у красавіку 1959-га. Выдатна, што ў юбілейную дату пісьменніцу з удзячнасцю ўспаміналі ў Вязынцы, дзе яна жыла і працавала, збірала звесткі пра жыццё і творчасць Янкі Купалы, паводле якіх напісала аповесць пра дзяцінства і юнацтва Песняра.

 

Прочитано 117 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить