05.08.2019 14:14

Выстаўку «Вясельны вянок Маладзечаншчыны» можна ўбачыць у Плябані

У чым сакрэт пляцення шлюбнага вянку для нявесты? Што такое абрад «цыганы»? Якой была мода на ўбранні маладых у розныя часы? На гэтыя і многія іншыя пытанні вы знойдзеце адказы, калі завітаеце на выстаўку, што адкрылася ў цэнтры традыцыйнай культуры і побыту ў Плябані.

Адзін са здымкаў выстаўкі. Адзін са здымкаў выстаўкі.

Ініцыявала яе вядучы метадыст па фальклоры цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, кіраўнік этнаграфічнага клуба «Кола» Вольга Трубач.

— Ідэя арганізаваць выстаўку «Вясельны вянок Маладзечаншчыны» з’явілася яшчэ ў студзені, — расказвае Вольга. – Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці аб’явіў 2019-ы Годам вясельнай абраднасці. Калектыў нашай установы вырашыў паглыбіцца ў гэту тэму, і мы пачалі збіраць фотаздымкі, цікавыя гісторыі пра вясельныя традыцыі ў нашым раёне. Адгукнуліся мясцовыя жыхары. Некаторыя фота знайшлі ў час этнаграфічнай экспедыцыі.

У выніку атрымалася галерэя з трох дзясяткаў здымкаў да 1960 года. Найдаўнейшы датуецца 1916-м. Сюжэт прадставіла сям’я Нявера з вёскі Хоўхлава. На ім мясцовыя жыхары маладыя Аляксандр і Вера Няверы. Цікавы здымак 1951 года перадала сям’я Уладыка (Кісель) з вёскі Мясата. Сярод гасцей сфатаграфаваліся адразу дзве пары маладых — Міхаіл і Ніна Чаеўскія, Віктар і Вольга Сяргей. Уладальнікі фота мяркуюць, што ў той дзень адначасова гулялі два вяселлі, бо агульнае свята абыходзілася больш танна. Дарэчы, сям’я Уладыка прыехала на адкрыццё выстаўкі.

Па здымках цікава прасачыць і вясельную моду. Нягледзячы на небагатае жыццё, маладыя і госці імкнуліся па магчымасці быць, як сёння кажуць, у трэндзе.

— А пляценне вянкоў для нявесты гэта ўвогуле, калі можна так сказаць, асобнае мастацтва, — заўважае Вольга Трубач. – На фота прадстаўлены розныя іх узоры.
Уважлівы глядач можа заўважыць аднолькавы для многіх вянкоў элемент – уплецены лісток мірту. Як вядома, гэта вечназялёнае дрэва сімвалізуе цішыню, мір, асалоду.

Ёсць сюжэты, на якіх занатавана ўнікальная вясельная традыцыя «цыганы». Некалі яе праводзілі на чацвёрты дзень вяселля. Госці, нібы на маскарадзе, пераапраналіся ў розных герояў, нават у саміх маладых.

Здымкі на выстаўцы аформлены «вугалкамі» ў традыцыйным для нашага рэгіёна відзе народнага мастацтва — выцінанцы. Гэта зрабіла Алена Вятрук, кіраўнік Беразінскай народнай студыі выяўленчага мастацтва.

Прыгожае аздабленне выстаўкі — аўдыёзапісы вясельных песень, успаміны вяскоўцаў, якія ўдзельнікі клуба «Кола» запісалі ў час экспедыцыі. Імі падзяліліся Софія і Мікалай Асіповічы з Заскавічаў, Софія Аноп з Якавічаў. А Таццяна Сіняўская з Маладзечна расказала пра дзявочы вечар. У чацвер да маладой прыходзілі з бліжэйшых вёсак незамужнія дзяўчаты. Для іх накрывалі стол. Па чарзе па крузе яны абмотвалі чырвонай ніткай маленькі пярсцёнак (сімвал цнатлівасці) і дадаткова – рутай (духмянай травой). Пасля дарылі яго нявесце. Яна магла ўплесці пярсцёнак у прычоску, схаваць пад вэлюмам. Усё гэта адбывалася пад заручальныя песні дзяўчат.
Прысутнічалі на вечары і жанчыны пажылога ўзросту, але сядзелі асобна на лаве. Яны таксама спявалі. Маці маладой частавала іх асобна. Дзяўчаты павінны былі абавязкова выпіць віно і з’есці ўсю закуску. Дадаткова на стол нічога не прыносілі. У канцы вечара яны прымалі посуд з абруса, а крошкі, што заставаліся на ім, страсалі на вуліцу. Тым часам да дома маладой прыходзілі нежанатыя хлопцы і спрабавалі не даць ім гэтага зрабіць, наогул імкнуліся забраць абрус. Калі такое здарылася б, дзяўчатам, якія трымалі яго, давялося б выйсці замуж за іх. Хлопцам таксама маглі даць які-небудзь пачастунак.

… Выстаўка «Вясельны вянок Маладзечаншчыны» будзе працаваць да канца лета.

Фота: архіў
СЕМ’ЯЎ НЯВЕРА
і УЛАДЫКА (КІСЕЛЬ).

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/5012-vysta-ku-vyaselny-vyanok-maladzechanshchyny-mozhna-bachyts-u-plyabani.html#sigProId771e6a9e9b
Прочитано 316 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить