16.07.2019 8:44

Известные молодечненцы и архитектура Молодечно - на страницах новых книг

Кнігі, якія ў ідэале павінна мець кожная маладзечанская сям’я.

Книги о Молодечно. Книги о Молодечно. "Маладзечанская газета"

Што мы ведаем пра славутых землякоў? Гэтым пытаннем задаецца краязнавец, пісьменнік Міхась Казлоўскі, які ў Год малой радзімы падрыхтаваў краязнаўчы даведнік «Славутыя людзі Маладзечаншчыны». Ён выдадзены Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча.

У даведніку змешчаны кароткая інфармацыя і фотаздымкі, намаляваныя партрэты 70 вядомых людзей, чыё жыццё звязана з нашымі мясцінамі. Асветнік XVII стагоддзя Сымон Будны, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, дзяржаўны дзеяч, кампазітар Міхал Агінскі адкрываюць зборнік, старонкі якога вядуць нас ад адной слыннай асобы да іншай, з сярэдневякоўя да нашых дзён.

Увайшлі ў даведнік гісторыкі Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі, пісьменнікі Іван Козел, Мікола Капыловіч, Янка Галубовіч, паэтэса, журналістка Таццяна Сапач, музычны дзеяч, кампазітар, заснавальнік ансамбля песні і танца «Спадчына» Іосіф Сушко, мастакі Юрась Герасіменка, Кастусь Харашэвіч, Васіль Лазоўскі і многія іншыя. Усе яны, на вялікі жаль, пайшлі ўжо з жыцця. І гэты зборнік не толькі каштоўны даведачны матэрыял, але і даніна нашай удзячнай памяці за ўсё тое добрае, што пакінулі яны нам у спадчыну.

Гэту невялічкую, у паўсотні старонак кніжачку ў ідэале павінна мець кожная маладзечанская сям’я. Яе карысна перагарнуць як людзям старэйшага ўзросту, так і моладзі. Яна можа стаць першым штуршком, каб дапытлівы чытач зацікавіўся лёсам таго ці іншага земляка, захацеў больш даведацца пра яго, пазнаёміцца з яго дзейнасцю, творчасцю. Вельмі важна, што, расказваючы пра кожнага свайго героя, Міхась Казлоўскі ўказвае крыніцу, дзе змешчана больш падрабязная інфармацыя.
Пакуль пазнаёміцца з даведнікам можна толькі ў бібліятэках горада. Аб запатрабаванасці выдання сведчыць той факт, што першы яго наклад быў выдадзены летась. І вось нядаўна пры падтрымцы аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама было падрыхтавана і дапоўнена перавыданне зборніка, якое стала сімвалічным падарункам землякам і гасцям Маладзечаншчыны да Дня горада.

Пройдзем сцежкамі гісторыі

«Наша галоўная каштоўнасць – людзі, факты і ўнікальныя традыцыі, школьніцтва. Архітэктурнымі помнікамі Маладзечна не можа пахваліцца, а вось гэтага матэрыялу дык надзвычай багата. Ён, на жаль, забываецца, страчваецца, з кожным годам адыходзіць некуды ў глыб часу, таму трэба «кансерваваць» — паўтараць, друкаваць, асвяжаць у памяці людзей, а тым, хто яго ведаў – расказваць», — з гэтых слоў пачынаўся ў 2009 годзе ў нашай газеце цыкл матэрыялаў «Падарожжы па роднай зямлі з Міхасём Казлоўскім», падрыхтаваны краязнаўцам сумесна з былым намеснікам галоўнага рэдактара «Маладзечанскай газеты» Інай Кандауравай (Фяксель), якая цяпер працуе галоўным рэдактарам газеты «Навіны Старадарожчыны».

І вось роўна праз дзесяць гадоў гэтыя матэрыялы выйшлі асобным выданнем пад назвай «Адрасы гісторыі: Маладзечна і Радашковічы». Як і ў першым выпадку, зборнік выдала цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча.

Што ў мінулым стагоддзі размяшчалася ў цяперашнім будынку падатковай інспекцыі побач з чыгуначным вакзалам? Калі на наш вакзал прыйшоў першы цягнік? Дзе знаходзілася настаўніцкая семінарыя, са сцен якой выйшла шмат вядомых людзей? У якіх дамах жылі Сяргей Прытыцкі, Мікола Ермаловіч, Генадзь Каханоўскі, Ядвіга Раздзялоўская і многія іншыя вядомыя маладзечанцы? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў кнізе, якая праілюстравана ўнікальнымі здымкамі з архіва Міхася Казлоўскага. Неабыякаваму чалавеку гэта выданне дапаможа паглядзець на родны горад іншымі вачыма, адкрые шмат таямніц і цікавых фактаў.

Не менш пазнавальны расповед і пра гарадскі пасёлак Радашковічы. Далёка не ўсе ведаюць, што ў XVI стагоддзі гэта старажытнае мястэчка мела статус горада, было надзелена Магдэбургскім правам. Дарэчы, сёлета спаўняецца 470 гадоў з таго часу, калі Радашковічы атрымалі статус горада, і 450 гадоў, калі ім было дадзена Магдэбургскае права.

Тут жылі і працавалі аўтар першай беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры Ядвігін Ш., у Радашковіцкай гімназіі выкладаў мастак Язэп Драздовіч. Непадалёк размяшчаўся маёнтак археолага, гісторыка Андрэя Сніткі. У Радашковічах жыў адзін з лепшых сучасных беларускіх празаікаў Аркадзь Чарнышэвіч. І гэты спіс можна доўга працягваць.

«Давайце ж і мы пройдземся гэтымі сцежкамі, паўглядаемся ў будынкі і краявіды, якія захавалі памяць, дух, прысутнасць на гэтай зямлі значных постацей айчыннай гісторыі і культуры!» — заклікаюць аўтары і прыгадваюць словы Францішка Багушэвіча:

«Хай жа ўсе, усе, хто можа,
Возьмуць свой кіёк дарожны,
У край айчынны час ісці нам
Вывучаць свой люд…».

 

Прочитано 202 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить