07.07.2019 12:40

У Вязынцы шанавалі Янку Купалу і плялі купальскія вянкі

Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі...» прайшло ў Вязынцы ў 137-ы дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэты чароўны куточак Маладзечаншчыны ў чарговы раз сабраў прыхільнікаў беларускай культуры, роднага слова, усіх, каму неабыякавы лёс Бацькаўшчыны.

Вязынка. Вязынка. "Маладзечанская газета"


На свяце выступалі пісьменнікі, фальклорныя калектывы. Юныя дэкламатары чыталі вершы на беларускай мове. Удзельнікі ўрачыстасці мелі магчымасць прадэгуставаць стравы традыцыйнай беларускай кухні, купіць нацыянальныя сувеніры, кнігі, прыняць удзел у майстар-класе па пляценні купальскіх вянкоў.

Шмат гасцей заходзіла ў дом, дзе нарадзіўся Пясняр, каб яшчэ раз пачуць гісторыю сям’і Луцэвічаў, дакрануцца да атмасферы тагачаснага побыту, убачыць інтэр’ер «хаты арандатара».

Трэба адзначыць, што свята — гэта перш за ўсё людзі. Менавіта яны ствараюць тую аўру, якая робіць Вязынку папулярнай, прыцягвае ўсё больш наведвальнікаў. На радзіму Песняра прыязджаюць і беларусы, і жыхары іншых краін, якія
атрымліваюць тут духоўную падтрымку. Дзякуючы іх энтузіязму і неабыякавасці спадчына Купалы захоўваецца і прымнажаецца. Пра гэта расказвалі многія ўдзельнікі ўрачыстасці.

— Пакуль на нашай зямлі будзе жыць слова Купалы – мы будзем беларусамі, — адзначыў паэт Міхась Башлакоў. – Калі забудзем сваю спадчыну — страцім сябе, сваю душу. Дык зробім усё, каб гэтага не адбылося!
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Раіса Казановіч заўважыла, што на дзень нараджэння Янкі Купалы ў Вязынку прыехала многа дзетак. І гэта вельмі прыемна. Значыць, ёсць каму пераняць эстафету шанавання роднага слова, любові да Беларусі, нацыянальнай культуры. Таму абавязкова будуць нараджацца літаратурныя творы, якія праславяць аўтараў і нашу малую радзіму – родную Маладзечаншчыну.

— У Вязынцы заўсёды збіраюцца сябры і аднадумцы. Сюды прыязджаюць па закліку сэрца, каб засведчыць павагу да беларускай культуры і традыцый. А яны сапраўды вартыя таго. Будзем жа ганарыцца сваёй спадчынай, шанаваць і падтрымліваць яе! – сказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка.

Па словах дырэктара Маладзечанскага раённага цэнтра рамёстваў Ларысы Ступінай, на свяце ў Вязынцы заўсёды пануе атмасфера цеплыні, сардэчнасці і адкрытасці. Удзельнічаць у ім і прапаноўваць наведвальнікам вырабы рамеснікаў – гонар і вялікая адказнасць.

— Паэзію Купалы вельмі шануюць ва Украіне, — паведаміла кіраўнік Мінскага грамад-
скага аб’яднання ўкраінцаў «Заповіт» Галіна Калюжная. – Мы ўдзячныя Купалу за яго пераклады на беларускую мову твораў Тараса Шаўчэнкі. Увогуле, знакаміты ўраджэнец Маладзечаншчыны – постаць сусветнага маштабу. Ён многае зрабіў для станаўлення беларускай ідэнтычнасці, унёс вялікі ўклад у еўрапейскую літаратуру. Цяжка знайсці чалавека, больш адданага Бацькаўшчыне.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч выказала ўпэўненасць, што святы, прысвечаныя класіку айчыннай літаратуры, будуць збіраць у Вязынцы ўсё больш людзей. Гэта месца стала сімвалам усёй краіны. Пабываць тут абавязаны кожны беларус.

Яшчэ матэрыялы па тэме -- на старонках "Маладзечанскай газеты".

Фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 124 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить