08.07.2019 11:38

Купалле ў Маладзечне: гумар, вяночкі, фаер-шоу і вогнішча

Сёлета свята ў маладзечанскім парку распачалося забавамі і гульнямі, якія арганізавалі для маленькіх гараджан дзіцячыя ўстановы горада – цэнтр культуры «Расток» і бібліятэка «Верасок». А як сонца стала хіліцца на захад, ля цэнтральнага ўвахода ў парк пачалі збірацца ўдзельнікі традыцыйнага купальскага шэсця -- Купаліш з Купалінкай, цётка Аўдоццяй з дзядзькам Мікітам, Вядзьмаркі і іншыя казачныя персанажы. Да шэсця далучыліся дарослыя і дзеці.

Купалле ў Маладзечне: гумар, вяночкі, фаер-шоу і вогнішча "Маладзечанская газета"

На сцэне Летняга амфітэатра ў той вечар панавалі гумар, жарты і смех. Не абышлося без варажбы, гульняў і вялікага купальскага карагоду, што зладзілі прама на сцэне з удзелам гледачоў. Тым часам на беразе штучнага возера рыхтаваліся артысты фаер-шоу, а побач чакала свайго часу вогнішча. І вось хутка цэнтрам увагі стаў агонь, які нашы продкі лічылі сімвалам ачышчэння, абноўленага жыцця, сродкам ад усялякай напасці… Кажуць, што пакуль агонь палае – можна шэптам папрасіць у яго ўдачы, і гэта сапраўды працуе.

Купальскае шэсце. На першым плане – Мікіта (акцёр Мінскага аблдрамтэатра Валерый Бабкін), Купаліш і Купалінка (выпускнік гімназіі-каледжа мастацтваў Ілья Бутрыла і метадыст Палаца культуры Ірына Судніковіч).

Гумар -- эксклюзіўны

На Купалле запрасілі артыстаў з Вілейшчыны – народны гумарыстычны калектыў «Смехата» Ільянскага дома культуры. Маладзечанцам спадабаліся гумарыстычныя вершаваныя байкі -- сцэнкі з жыцця беларускіх вяскоўцаў з іх сямейнымі таямніцамі ды суседскімі інтрыгамі. У складзе калектыву -- дырэктар Дома культуры Мікіта Палтарэцкі, мастацкі кіраўнік Ірына Івашынка, хармайстар Вячаслаў Альшэўскі і кіраўнік квартэта Людміла Томкавіч. Калісьці Людміла і Ірына выступалі ўдваіх, пасля да іх далучыліся мужчыны, і вось нядаўна «Смехата» адзначыла пяцігоддзе, атрымаўшы званне народнага калектыву. Цікава тое, што Ірына Івашынка і Мікіта Палтарэцкі – цешча і зяць не толькі на сцэне (чытаюць вельмі смешны дыялог пра запаветнае жаданне), але і ў жыцці.

І, напэўна, галоўная адметнасць – тое, што байкі ад «Смехаты» вы больш нідзе не пачуеце. Творы аўтарскія, іх напісала Людміла Томкавіч, якая ганарыцца фірменным стылем свайго калектыву. Выдатныя характарныя вобразы, камічныя і павучальныя сітуацыі, трапны беларускі гумар, сакавітае роднае слова... Артысты расказалі, што ў Летнім амфітэатры выступаюць упершыню, раней да нас прыязджалі са сваімі нумарамі на фестывалі песні і паэзіі «Маладзечна».


«Смехата»: Мікіта Палтарэцкі, Людміла Томкавіч, Ірына Івашынка, Вячаслаў Альшэўскі.

Фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/4843-kupalle-maladzechne-gumar-vyanochki-faer-shou-i-vognishcha.html#sigProIddb8fe4546d
Прочитано 511 раз Последнее изменение 08.07.2019 11:38
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить