01.07.2019 15:30

Ансамбль «Спадчына» ўзяў гран-пры на фестывалі «Пеўчае поле»

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца «Спадчына» імя Іосіфа Сушко Палаца культуры заваяваў Гран-пры на рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва «Пеўчае поле».

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации. Фото: МЛЫН.by

Праводзіцца ён на Мядзельшчыне з 1952 года і з’яўляецца адным з галоўных пеўчых форумаў. Самыя яркія калектывы з розных куткоў краіны прывозяць адметныя мелодыі, у якіх жыве адданасць роднаму краю і якія ўвасабляюць багатую культурную спадчыну. Спачатку творчы форум ладзіўся штогод як раённы, затым атрымаў статус абласнога мерапрыемства. З 2015 года Міністэрства культуры надало фестывалю статус рэспубліканскага.

На працягу двух дзён выступалі аматарскія калектывы і ансамблі ўстаноў культуры, дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, а таксама прафесійныя калектывы, майстры харавога мастацтва.

Ансамбль песні і танца «Спадчына» не першы раз удзельнічае ў «Пеўчым полі». Раней калектыў быў у якасці запрошанага госця, сёлета – упершыню ў ліку канкурсантаў. І спроба атрымалася ўдалай!

— Мы не чакалі, што заваюем Гран-пры! — гаворыць, не стрымліваючы эмоцыі, кіраўнік «Спадчыны» Яўгеній Гарчанін. — Прыемна, што нас так высока ацаніла масцітае журы, у складзе якога былі кіраўнікі вядучых дзяржаўных творчых калектываў, выкладчыкі акадэміі музыкі.

«Спадчына» выканала дзве песні, якія нядаўна з’явіліся ў рэпертуары артыстаў: беларуская народная «У горадзе Слуцку», а таксама «На вечным пасту» (дарэчы, музыку напісаў Іосіф Сушко на словы Ганны Рубацкай). Запявала гэту кампазіцыю хормайстар калектыву Вольга Кохан.

У рамках «Пеўчага поля» таксама адбыўся канцэрт «Беларусь памятае» тэлепраекта «Плошча Перамогі-2019», які пакінуў незабыўныя ўражанні ў публікі.

 

Прочитано 334 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить