19.06.2019 10:50

«Гармония стекла» Петра и Татьяны Атремовых

Минский областной краеведческий музей пприглашает на выставку.

Татьяна и Петр Атремовы. Татьяна и Петр Атремовы. "Маладзечанская газета"

«Нараджэнне чыстага гука», «Прышэльцы», «Парад планет», «Крыштальны танец», «Я п’яны ад кахання», «Зорны бюракрат». «Опіум», «Афрыка»… Гэта назвы творчых работ са шкла, якія зацікавяць кожнага.

Тут упершыню прадстаўлены каля сотні аўтарскіх вырабаў з каляровага і бясколернага шкла, хрусталю прафесійных майстроў і сямейнай пары Пятра і Таццяны Арцёмавых, якіх лічаць пачынальнікамі многіх беларускіх традыцый Барысаўскага хрустальнага завода.

Сярод гасцей урачыстага адкрыцця выстаўкі «Гармонія шкла» былі начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Ірына Дрыга, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Хмель, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька. Усе яны і многія іншыя гледачы выказалі словы ўдзячнасці і захаплення ў адрас аўтараў выстаўкі. Як заўважыла Ірына Дрыга, вырабы Арцёмавых — цуд, створаны рукамі чалавека.

Нягледзячы на тое, што карані гэтых майстроў бяруць пачатак у Расіі, менавіта ў Беларусі раскрыўся іх талент. На Барысаўскі хрустальны завод яны прыйшлі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Арцёмавы адны з першых выпускнікоў аддзялення «Мастацкае шкло». Больш за 30 гадоў Пётр быў галоўным мастаком некалі магутнай вытворчасці, мае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Як ён сам гаворыць, напэўна, ледзь не ў кожнай сям’і захаваліся вазы, цукарніцы ці фужэры, распрацаваныя ім у савецкія часы на барысаўскім прадпрыемстве. Надзейнай памочніцай, дарадчыцай і музай з’яўляецца для Пятра жонка Таццяна. Яны чэрпаюць натхненне адзін у адным ужо на працягу 51 (!) года.

У творцаў заўсёды мноства цікавых ідэй, якія немагчыма запусціць у серыйную і масавую вытворчасць. Так яны прыйшлі да стварэння аўтарскіх работ. Арцёмавы ўпэўнены, што мастакі павінны расці і спасцігаць тэхнічныя магчымасці матэрыялу, з якім працуюць. Іх творы ўвайшлі ў прыватныя калекцыі палітычных дзеячаў і дзеячаў сусветнай культуры
Жоржа Пампіду, Леаніда Брэжнева, Надзеі Лежэ, Ціма Сарпанева, Алены Абразцовай і іншых. Эксклюзіўныя кампазіцыі «Купалле» і «Планета» ўпрыгожваюць інтэр’еры ААН у Нью-Ёрку. Увогуле, вырабы майстроў экспанаваліся на розных кантынентах.

У Беларусі яны захоўваюцца ў чатырох музеях — Нацыянальным мастацкім, Барысаўскім аб’яднаным, абласных Віцебскім і Мінскім. У маладзечанцаў ёсць унікальная магчымасць акунуцца ў свет мастацтва шкла і хрусталю. На выстаўцы прадстаўлены шматфігурныя кампазіцыі, дэкаратыўныя падлогавыя і настольныя вазы, посуд, ёсць нават… аўтапартрэт. Вылучаюцца таксама пераможныя кубкі, якімі з 1992-га па 1998 год узнагароджвалі маладых выканаўцаў міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Творцы ўкладаюць у вобразы свае думкі, пачуцці, уласнае бачанне свету. Ствараюць іх за кошт формы, колеру, геаметрычнага гранення і шліфавання. Сюжэты падказвае само жыццё. Яны адгукаюцца і на шум марскога прыбою, і на трагічныя падзеі. Напрыклад, так з’явілася работа «Чарнобыль. 86». У тыя няпростыя для ўсёй краіны дні Пётр быў у службовай камандзіроўцы ў Варшаве і там пачуў вестку аб выбуху на атамнай электрастанцыі. Калі вярнуўся на радзіму, у поўнай меры адчуў разбуральны маштаб аварыі. Як гэта ўрэшце «вылілася» ў шкле, можна ўбачыць на выстаўцы. На філасофскі роздум натхніць работа «Садружнасць», а «Суседзі» выклікаюць усмешку альбо прымушаюць задумацца над тым, якія вы самі суседзі.

Аўтары расказалі пра тэхналогію вырабаў са шкла і хрусталю, адрозненне гэтых матэрыялаў і нараджэнне кожнага шэдэўра. Дарэчы, ці ведалі вы, што шкло на 78 працэнтаў складаецца з пяску, які здабываецца ў спецыяльных кар’ерах, а затым яго аздабляюць рознымі дабаўкамі? «Вараць» шкляны выраб пры тэмпературы ў 1650 градусаў, хрусталь — крыху пры меншай, бляск і звон дасягаюцца пры дапамозе плюмбуму (вокісу свінцу), што ўваходзіць у яго склад.

Апошнім часам нярэдка можна пачуць, што мода на хрусталь адыходзіць. Але Арцёмавы перакананыя ў тым, што яна ніколі не сыдзе. Паколькі, па іх меркаванні, хрусталь увабраў у сябе эпоху.

— Ёсць рэчы на час, а ёсць – назаўсёды. Творцу галоўнае знайсці «соль зямлі». Ведаеце, неяк заўважыла на сметніку каралеўскі венскі стул і не змагла не ўзяць. Для мяне гэта носьбіт часу і стылю. Як і хрусталь, які немагчыма выкінуць, — рэзюмавала Таццяна.

Выстаўка прадоўжыцца да 30 ліпеня.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/4731-garmoniya-stekla-petra-i-tatyany-atremovykh.html#sigProIdf17709e584
Прочитано 189 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить