04.06.2019 15:40

Арсень Ліс стварыў сваю планету Беларусь

«Песня ў спадчыну» — пад такой назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла чарговая, трынаццатая па ліку, навукова-краязнаўчая канферэнцыя.

Арсень Ліс. Арсень Ліс.

На гэты раз яна была прысвечана доктару філалагічных навук, заўзятаму фалькларысту, пісьменніку Арсеню Лісу, якому сёлета магло б споўніцца 85 гадоў. Калісьці цікавасць да народнай песні і грамадскага нацыянальнага руху

20-х гадоў мінулага стагоддзя вызначыла тэмы экспедыцый і лёс даследчыка Арсеня Ліса ў навуцы. Сёння яго спадчына становіцца прадметам даследавання новых навукоўцаў.

Арганізатар канферэнцыі краязнавец, пісьменнік Міхась Казлоўскі ва ўступным слове адзначыў, што найбольшая заслуга Арсеня Сяргеевіча ў тым, што ён быў не толькі дбайным збіральнікам фальклору, але і першым даследчыкам навуковай і літаратурнай спадчыны тэарэтыка мастацтва Мікалая Шчакаціхіна, мастака Язэпа Драздовіча, многіх слынных беларусістаў. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі фотапрэзентацыю, у якой можна было ўбачыць шмат рэдкіх фотаздымкаў з сямейнага архіва А. Ліса.

Краязнавец Валерый Бурэнь акцэнтаваў увагу на кропкі судакранання дзвюх слынных асоб: Арсеня Ліса і адкрытага ім для нашчадкаў Язэпа Драздовіча. Яны абодва былі ўлюбёнымі ў Вільню, што стала для беларусаў-адраджэнцаў культурнай і духоўнай сталіцай. Абодва насуперак абставінам і неспрыяльнай палітычнай сітуацыі падымалі пласты занядбанай гісторыі краю, стваралі і ўзбагачалі беларускую культуру. Іх, па словах выступоўцы, аб’ядноўваў адзін грамадзянскі доўг – паказаць канкрэтную, а не абстрактную надуманую Беларусь.

Прадстаўляючы навукоўца з Гродна Андрэя Вашкевіча, Міхась Казлоўскі засяродзіў увагу прысутных на тым, што ў беларускіх музеях і архівах сёння ёсць шмат матэрыялаў па гісторыі культуры, але часта яны незапатрабаваныя моладдзю. У гэтым кантэксце Андрэй Вашкевіч — выключэнне, бо ён цікавіцца папярэднікамі, што пацвердзіла яго выступленне.

Яшчэ адзін малады навуковец — Яніна Грыневіч з інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі — адзначыла, што па колькасці зробленых запісаў Арсень Ліс у пяцёрцы найбольш плённых збіральнікаў беларускага фальклору. Вядучы рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» пісьменнік Уладзімір Мароз расказваў пра Арсеня Ліса як пра таленавітага сцэнарыста. Шкада, што многія фільмы, знятыя па яго сцэнарыі, пакуль не адлічбаваныя. А яны не страцілі сваёй актуальнасці сёння.

Загадчык сектара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Унучак прысвяціў сваё даследаванне пытанням беларускай ідэнтычнасці і беларускаму нацыянальнаму руху першай паловы ХХ ст. Паэтэса, вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Сільнова расказала пра электронны каталог, што ўтрымлівае творы з друкаванай спадчыны Арсеня Ліса, у тым ліку вельмі кранальныя лірычныя вершы. На думку выступоўцы, Арсень Сяргеевіч стварыў сваю планету Беларусь, якая асацыіруецца з планетамі з казкі Сент-Экзюперы «Маленькі прынц». Баладу, прысвечаную Арсеню Лісу, прачытаў паэт Віктар Шніп.

У другой палове дня ўдзельнікі канферэнцыі наведаліся на могілкі ў Залессі і ўсклалі кветкі на магілу руплівага, дбайнага навукоўца Арсеня Ліса.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Прочитано 251 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить