12.04.2019 15:36

Браты-славяне ў госці завіталі

Беларускія дуда і цымбалы, польская полька, украінскія народныя напевы гучалі на галоўнай сцэне цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна. На творчую сустрэчу сюды завіталі ўдзельнікі V Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Новыя вяршыні-2019», які ў пачатку красавіка прайшоў у Мінску.

Браты-славяне ў госці завіталі "Маладзечанская газета"



У гэтым маштабным форуме дэманстравалі свае таленты больш за шэсць тысяч дзяцей і падлеткаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Славеніі, вызначаліся пераможцы ў 180 намінацыях. Калі ў мінулыя гады фестываль праходзіў толькі ў нашай сталіцы, то сёлета пашырыў свае межы і ўпершыню завітаў у Мала-
дзечна.

Нам ёсць чым парадаваць, здзівіць гасцей зблізку і здалёк… І найперш – нацыянальным каларытам, беларускімі народнымі традыцыямі. Пад гукі гармоніка, скрыпкі і бубна іншаземцы гукалі вясну, падкідалі ў неба рознакаляровых папяровых птушак, каштавалі печыва ў выглядзе крылатых сімвалаў.

— Як прыгожа! Як меладычна гучыць беларуская мова! – не хавала захаплення Наталля Плахатнюк, кіраўнік «Школы асноў журналістыкі»  Кіеўскага палаца дзяцей і моладзі і папрасіла падзяліцца сцэнарыем абраду гукання вясны. – Вы малайцы, што захавалі сваю культурную спадчыну. Сёння многія народныя традыцыі забываюцца, адыходзяць, аднавіць іх вельмі цяжка. Сучасныя эстрада, харэаграфія – гэта цудоўна, і ўсё ж самае каштоўнае ў кожнай краіны – яе нацыянальны каларыт, тое, што робіць яе адметнай і непаўторнай.  

Таццяна Шышова, кіраўнік тэатра моды з Крывога Рога, з прафесійнай цікавасцю і непадробным захапленнем разглядала нацыянальныя строі ўдзельнікаў этнаграфічнага клуба «Кола», якія яны пашылі самі. Дзякуючы «колаўцам» многія госці ў гэты дзень упершыню закружыліся ў беларускай польцы ды кракавяку. Харэограф львоўскага ансамбля «Востраў дзяцінства» Яўген Лаўрыніў прымераў саламяны капялюш, сплецены майстрамі раённага цэнтра рамёстваў, якія падрыхтавалі выстаўкі і правялі майстар-класы.

— Другі год запар мы прыязджаем на фестываль. Галоўнае – не ўзнагароды, а магчымасць пазнаёміцца, пасябраваць з іншымі калектывамі, абмяняцца ідэямі, дамовіцца аб новых сустрэчах, — лічыць Яўген.

Тым часам усе грымёркі запаланілі юныя артысты, якія рыхтаваліся да выхаду на сцэну ў рамках творчай сустрэчы «Мы разам для моладзі».

Адкрыла яго дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Ганна Владыка.
— Маладзечна неаднойчы запальвала новыя зоркі. Няхай і сёння наш горад стане для вас удалым стартам да новых вяршынь, — звярнулася да ўдзельнікаў форуму начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Раіса Казановіч.

Старшыня аргкамітэта фестывалю Сяргей Дзярбун не ўтойваў радасці, што наш горад стаў адной з фестывальных пляцовак:

— Лічу Маладзечна другой радзімай, бо тут я вучыўся ў музычным каледжы імя
М.К. Агінскага ў выдатнага выкладчыка па вакале Георгія Юрэвіча. Вельмі хацелася зрабіць штосьці значнае для вашага горада. Спадзяюся, што пасля гэтай сустрэчы пашырацца гарызонты, адкрыюцца новыя магчымасці для яго творчай моладзі.

Сяргей Дзярбун уручыў падзякі аргкамітэта людзям, якія прыклалі шмат намаганняў, каб гэта мерапрыемства адбылося. А падарункам гледачам стаў шыкоўны канцэрт – плён сумеснай творчасці брацкіх краін. Вельмі прыемна, што маладзечанскія калектывы годна прадставілі свой раён. Дарэчы, узорная цыркавая студыя «Мара» цэнтралізаванай клубнай сістэмы, выканаўцы і калектывы дзіцячага цэнтра культуры «Расток» і гімназіі-каледжа мастацтваў прымалі ўдзел у конкурснай праграме, якая праходзіла ў Мінску. Як і юныя журналісты народнай тэлестудыі «Наш час», якія працавалі нараўне з прафесіяналамі, знялі фільм «Адзін дзень з жыцця фестывалю».
Яго першы дзень у Маладзечне атрымаўся надзвычай насычаным. Завяршыўся ён круглым сталом, у час якога маладзечанскія калектывы атрымалі запрашэнні прыняць удзел у фестывалях у Польшчы, Украіне, іншых краінах. Значыць, творчыя стасункі будуць мець працяг, і на старонках газеты мы з задавальненнем раскажам пра замежныя гастролі нашых таленавітых юных землякоў.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.


 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/4399-braty-slavyane-gostsi-zavitali.html#sigProId02a48fb4d8
Прочитано 1183 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить