19.03.2019 14:37

Лепшыя выканаўцы вызначаны ў Маладзечне

У Маладзечне прайшоў ІІІ Адкрыты конкурс маладых выканаўцаў на аркестравых інструментах імя М.К. Агінскага (група духавых і ўдарных інструментаў). Яго заснавалі Беларускі саюз музычных дзеячаў, Дзяржаўная акадэмія музыкі, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, музычны каледж імя М.К. Агінскага, мясцовы дабрачынны фонд «Спадчына М.К. Агінскага».

Лепшыя выканаўцы вызначаны ў Маладзечне "Маладзечанская газета"


Свае здольнасці прадэманстравалі 133 удзельнікі – прадстаўнікі мастацкіх устаноў з нашай краіны, а таксама з Санкт-Пецярбурскага музычнага вучылішча імя М.А. Рымскага-Корсакава, госці з Кітая, якія займаюцца на падрыхтоўчым аддзяленні Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Конкурс праходзіў у музычным каледжы і дзіцячай школе мастацтваў. Адзначаліся цёплая атмасфера, высокі ўзровень арганізацыі, цудоўныя акустычныя характарыстыкі залаў, дзе адбываліся праслухоўванні.

Конкурсныя камісіі за два дні слухалі музыку звыш 30 гадзін. Абмежаванняў у музычных стылях і напрамках не было – гучалі барочныя, класічныя, рамантычныя творы, музыка ХХ і нават ХХІ стагоддзя. Шмат музыкі было беларускіх кампазітараў.

Пераможцы вызначаліся ў дзвюх узроставых групах (вучні дзіцячых школ мастацтваў і навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў культуры і мастацтва) па 11 намінацыях.
У склад журы ўвайшлі прафесары, дацэнты і старэйшыя выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сярод якіх былі заслужаныя артысты і дзеячы мастацтваў Беларусі. Старшыня журы ў намінацыі «Драўляныя духавыя інструменты», загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Скараходаў адзначыў:

— Зямля беларуская здаўна славіцца талентамі, якія рассыпаныя па розных мясцінах. І такія конкурсы здольныя сабраць іх разам, падштурхнуць да больш сур’ёзнай работы, вызначыць лепшых, паспрыяць, каб яны сталі прафесійнымі музыкантамі высокага ўзроўню.

Каштоўныя падарункі і заахвочвальныя прызы атрымалі 77 лаўрэатаў. Маладзечна прадставілі 18 удзельнікамі – вучні дзіцячай школы мастацтваў і музычнага каледжа, з іх чацвёра маладых музыкантаў ўзнагароджана граматамі, васьмёра сталі лаўрэатамі.

Яўгенія РУКЕВІЧ.

Прочитано 1061 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить