13.12.2018 9:46

Кніжны бум 1980-х: каб прачытаць «Плаху» Айтматава, трэба было запісвацца ў чаргу

На літаратурна-музычную прагулку ў мінулае запрасілі чытачоў су-працоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча.

Кніжны бум 1980-х: каб прачытаць «Плаху» Айтматава, трэба было запісвацца ў чаргу "Маладзечанская газета"


«Молодость – ты как времени замок…» — пад папулярную песню групы «Рождество» ўдзельнікі чацвёртай сустрэчы з цыкла «Залатыя паліцы нашай маладосці» адправіліся ў 1985-1990 гады.
Ноч. Цягнік. «Майстар і Маргарыта»

Міхаіл Гарбачоў, курс на па-скарэнне і першыя крокі перабудовы, барацьба з п’янствам, павальны дэфіцыт і чэргі па самыя неабходныя тавары… Але адначасова — першыя ластаўкі галоснасці і свабоды слова, абмеркаванне яшчэ нядаўна забароненых тэм і праблем. Гэта выклікала велізарны попыт на кнігі ў бібліятэках. Пачалі друкаваць забароненыя творы Барыса Пастарнака, Ганны Ахматавай, Іосіфа Бродскага. У фокусе грамадскай думкі апынуліся «Пажар» Валянціна Распуціна, «Плаха» Чынгіза Айтматава, «Сумны дэтэктыў» Васілія Астаф’ева.

— У той час я была ў дэкрэтным адпачынку з малодшай дачкой. Пялюшкі, распашонкі, кармленне па гадзінах… Але гэтыя клопаты не адбілі цікавасць да навінак літаратуры, якія ўсе абмяркоўвалі, — прыгадвае Наталля Кучар. – Каб прачытаць «Плаху» Айтматава ў часопісным варыянце, я запісалася ў чаргу ў чытальнай зале. Праз нейкі час мне прыйшла паштоўка, што чарга падышла. Муж застаўся з малодшай дачкой, а я са старэйшай пайшла ў бібліятэку. Месцаў у чытальнай зале не было, мяне пасадзілі з часопісам прама на абанеменце. Дачку заняла маляваннем, а сама тры гадзіны чытала, пасля мяне кнігу адразу перадалі наступнаму па чарзе…

— А я прачытала «Майстра і Маргарыту» Міхаіла Булгакава за адну ноч у цягніку Ленінград — Мінск, — падзялілася ўспамі-намі Вольга Кірэева. – Мне тады было 18 гадоў. Убачыла, што жанчына дачытвае гэту кнігу, надрукаваную на лістах фармату А4, і папрасіла ў яе. За ноч асіліла, хаця, магчыма, яна была надрукавана ў скарочаным варыянце…

З «Чарнобыльскай малітвай» перажываю ўсё нанова

— Мае настольныя кнігі — «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч і «Зорка Чарнобыля» Юліі Вазнясенскай, — дзялілася з прысутнымі Таццяна Траян, ураджэнка Нароўлі, якая вымушана была з сям’ёй пераехаць у Маладзечна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Гэта катастрофа паўплывала на лёс і здароўе тысяч людзей. Таццяна ўспамінала, як 1 мая 1986 года ў Нароўлі праходзіла дэманстрацыя, і толькі праз некалькі дзён людзям пачалі гаварыць аб небяспецы. Выстройваліся чэргі ў аптэкі па прэпараты з ёдам, у вінна-гарэлачных магазінах размялі ўсё спіртное, бо пайшлі чуткі, што яно выводзіць з арганізма радыяцыю…

— Разам з гэтымі кнігамі я нібыта нанова перажываю той час, — прызнаецца жанчына. – Нам не проста далося рашэнне пераехаць, муж, які працаваў у пажарнай часці, стаў будаўніком, каб атрымаць у Маладзечне кватэру. Мы жывём тут з 1991 года, нас прынялі гасцінна і сардэчна, за што мы заўсёды будзем удзячныя.

Трыццаць гадоў «Вераску»

Сваімі ўспамінамі пра 1980-я падзялілася былая дырэктар цэнтральнай гарадской бібліятэкі Ніна Артышэвіч. Адна са знакавых падзей – будаўніцтва бібліятэкі сямейнага чытання «Верасок», у сценах якой і адбылося мерапрыемства. Яна ўзводзілася ў крызісны час, калі не хапала будаўнічых матэрыялаў, бо ўсе яны адпраўляліся на ўзвядзенне «чарнобыльскіх» аб’ектаў. Між тым установа адчыніла свае дзверы для чытачоў 27 снежня 1988 года. Ніна Аляксандраўна ўспамінала, як адна з чытачак, уражаная прыгажосцю, нават зняла абутак пры ўваходзе...

Вядучыя мерапрыемства Таццяна Скібіцкая і Святлана Нарэйка разам з гасцямі перагортвалі ўсё новыя старонкі той памятнай пяцігодкі. Сярод знакавых падзей — вывад савецкіх войскаў з Афганістана, паслабленне ганенняў на царкву і паварот людзей да веры. Называлася шмат папулярных твораў, якія выйшлі ў тыя гады: «Дзеці Арбата» Анатолія Рыбакова, «Начавала хмарка залатая» Анатолія Прыстаўкіна, «Сто дзён да загаду» Юрыя Палякова і многія іншыя. Прысваенне Нобелеўскай прэміі па літаратуры Іосіфу Бродскаму, выданне забароненых кніг Барыса Пастарнака, вяртанне ў СССР Аляксандра Сахарава — усё гэта вызначала атмасферу таго часу.

Ірына Рыбакова зрабіла агляд беларускай літаратуры гэтага перыяду. Асабліва адзначалася, што сярод знакавых твораў былі і гістарычныя кнігі нашых землякоў Генадзія Каханоўскага і Міколы Ермаловіча. Прыгадваліся фільмы, якія на слыху і цяпер: «Пакаянне», «Ідзі і глядзі», «Любоў і галубы», «Зімняя вішня».

Гучалі на мерапрыемстве і песні тых гадоў. Іх выканалі галасістыя і харызматычныя ўдзельніцы вакальнай групы «Беларусачка» пад кіраўніцтвам Ніны Руткоўскай. А закончылі сваё выступленне песняй пра Маладзечна Іосіфа Сушко.

Што адбывалася ў Маладзечне?

Культурнае жыццё актывізавалася, набыло новы імпульс. Вырасла цікавасць да нацыянальнай культуры. Узніклі маладзёжныя аб’яднанні, створана тэатральная студыя, якая паставіла спектаклі «Кастусь Каліноўскі», «Паўлінка».

На старонках нашай газеты, якая на той час называлася «Святло камунізму», былі на-друкаваныя ўспаміны пісьменніка Пятра Бітэля, а таксама жонкі Мікалая Шчакаціхіна, рэпрэсіраванага навукоўца, аднаго з заснавальнікаў беларускага мастацтвазнаўства.

Шырока адзначалася 600-годдзе нашага горада. Частка вулі-цы імя Прытыцкага стала пешаходнай. Пачалося будаўніцтва чацвёртага мікрараёна, адкрылася СШ №12.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/3725-knizhny-bum-1980-kh-kab-prachytats-plakhu-ajtmatava-treba-bylo-zapisvatstsa-chargu.html#sigProId5bfbe9e34f
Прочитано 2621 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить