02.11.2018 12:22

Памяці мастака Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага

Источник

9 лістапада, у дзень нараджэння Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага, у выставачнай зале музычнага каледжа імя М.К. Агінскага адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы, прысвечанай памяці мастака.

Памяці мастака Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага "Маладзечанская газета"


Пачатак — у 16.00.

У 70-я гады мінулага стагоддзя ў Маладзечне жыло і працавала шмат людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у культуру Беларусі. Адным з іх быў мастак Юрый Герасіменка-Жызнеўскі. Ён вучыўся на графічным факультэце Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў), атрымаў выдатную мастакоўскую адукацыю. Але не застаўся ў сталіцы, вярнуўся ў Маладзечна і стаў выкладаць у студыі выяўленчага мастацтва пры Доме культуры. Тут была і творчая майстэрня мастака, дзе ён працаваў над афармленнем кніг і станковымі графічнымі творамі.

З першых рэспубліканскіх выстаў, у якіх удзельнічаў Герасіменка-Жызнеўскі, было зразумела, што ў мастацтва прыйшоў таленавіты чалавек з індывідуальным, філасофскім поглядам на жыццё і творчасць.
У горадзе праходзілі выставы, на якія прыязджалі з Мінска Леанід Шчамялёў, Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Барыс Крэпак, Таццяна Гаранская… Усе яны адзначалі моцную суполку мастакоў Мала-
дзечна, у якую ўваходзілі  ў той час Ядвіга Раздзялоўская, Кастусь Харашэвіч, Юрый Герасіменка, Аляксандар Пашкевіч, Васіль Лазоўскі, Віктар Камлюк, аўтар гэтых радкоў… Мастакі разам вандравалі па Беларусі: Крэва, Гальшаны, Кушляны… Вельмі запамінальным было падарожжа на Палессе: Тураў, Пінск, Давід-Гарадок. Выставы праходзілі не толькі ў Маладзечне, але і ў Мінску, Гродне, Панявежысе. На ўсіх іх асабліва адзначалі творы Юрыя Герасіменкі. У 1982 годзе ён прымаў удзел у Сусветным кірмашы кніжнай графікі ў Маскве і Браціславе. У 1985-м за ілюстрацыі да кнігі «Выбранае» Якуба Коласа быў узнагароджаны дыпломам імя Францыска Скарыны. Удзельнічаў у выставах у Германіі, Югаславіі, Эфіопіі…

Маладзечанскія мастакі перад адкрыццём выставы. Панявежыс (Літва), 1982 г.



Апошнія гады жыцця Юрый Паўлавіч працаваў на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. У яго шмат вучняў, якія сталі прафесійнымі мастакамі, яны з удзячнасцю ўспамінаюць свайго настаўніка. Ён вучыў не толькі мастацтву, але і разуменню філасофіі жыцця.

Мастацтвазнавец Мікола Паграноўскі аб творчасці Юрыя Герасіменкі пісаў: «Свет мастака нібыта высвятляе складаную сімволіку і метафарычнасць вобразаў. Яго творы мовай пластычных форм перадаюць тое, што ў разуменні чалавека з’яўляецца самым істотным — глыбокую сувязь з Космасам, Зямлёй, упарадкаваную векавым рытмам прыроды».

Мікола АЎЧЫННІКАЎ, сябар Саюза мастакоў Беларусі.

Прочитано 945 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить