06.06.2018 14:23

З настальгіяй па сапраўднаму

Источник

«Я не знаю, как остальные, а я чувствую жесточайшую не по прошлому ностальгию — ностальгию по настоящему», — радкі з верша Андрэя Вазнясенскага адпавядалі настрою чарговай сустрэчы ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча ў рамках літаратурна-музычнага праекта «Залатыя паліцы нашага юнацтва». На гэты раз чытачоў запрасілі назад у 1980-я…

Спадарожнікам аказаўся Уладзімір Высоцкі
Жаночая мода ў той час была падобная на сённяшнюю: сабраныя на таліі спадніцы за калена, блузкі з бантам пад каўняром, прычоскі з локанамі. Менавіта ў такіх вінтажных уборах выйшлі на сцэну Таццяна Чаброўская, Марына Кароль, Таццяна Скібіцкая, арганізатары і вядучыя мерапрыемства.

На століках – букеты з галінамі бэзу, у кубках – гарбата, на талерках — цукеркі, дамашнія піражкі. Усё як на савецкай кухні, дзе вяліся задушэўныя гутаркі, выступалі вядомыя паэты, выканаўцы. Не цураўся «кватэрнікаў» і Уладзімір Высоцкі, з творчасцю якога найперш асацыююцца 1980-я. Яго літаратурная спадчына – больш за 800 твораў, аднак знакаміты зборнік вершаў «Нерв» выйшаў у 1981-м, калі паэта ўжо не было ў жывых. Сёння ў Расіі Уладзімір Высоцкі другі пасля Юрыя Гагарына ў спісе куміраў XX стагоддзя, яго песні ведаюць новыя пакаленні. Сяргей Шыман, кіраўнік клуба аўтарскай песні «Свечка» ЦТДіМ «Маладзік» расказаў, што сёлета ў 31-ы раз у цэнтры прайшоў раённы конкурс-агляд «Спяваем разам з сябрамі», у якім ёсць абавязковая намінацыя «Песня Высоцкага». І на сустрэчы ўдзельнікі «Свечкі» выканалі некалькі кампазіцый музыканта. Кіраўнік узорнага тэатра-студыі «ТэсТ» гімназіі №10 Таццяна Бабей прапанавала відэазапіс тэатральнай пастаноўкі верша Высоцкага «Мой Гамлет». І гэта таксама яскравае пацвярджэнне, што яго творчасць цікавая моладзі.

У зале прысутнічала Наталля Унукоўская, якой у маладосці пашчасціла паўтары гадзіны ехаць у цягніку побач з Уладзімірам Высоцкім.

— Я была студэнткай, ехала ў Кіеў на практыку, нервавалася, што не знайшла там жыллё, — успамінала яна. — Мужчына насупраць з уважлівым позіркам і прыгожым тэмбрам голасу пацікавіўся, чаму я такая сумная, распытаў аб праблемах, а потым сказаў: «Магу дапамагчы вам уладкавацца ў гасцініцу. Давайце запішу вам свой нумар тэлефона». Я працягнула блакнот, ён пазначыў нумар, напісаў сваё імя – Уладзімір. Калі выходзілі з цягніка ў Кіеве, знаёмыя фарцоўшчыкі з нашага гарадка, якія ехалі ў гэтым жа вагоне, дагналі мяне. «Ты хаця б ведаеш, з кім гаварыла? Гэта ж Уладзімір Высоцкі!». Па шчырасці, тады я не была вялікай аматаркай яго творчасці, хаця песні чула, глядзела фільм «Вертыкаль», а верш «Братские могилы» вывучыла да ўрока літаратуры. Памятаю, як сябар убачыў у маім блакноце словы песні Высоцкага «Диалог у телевизора» і дакараў: «Як ты, савецкая дзяўчына, можаш перапісваць такія словы?». Цяпер, калі я разумею ўсю сілу магутнага таленту Высоцкага, ведаю яго творчасць, мне хочацца папрасіць прабачэння за тую юнацкую абыякавасць, з якой я паставілася да сустрэчы з ім, за тое, што згубіла блакнот з яго аўтографам…

Пажаданне ад Караткевіча
«Мы кніжныя дзеці», — цытуючы Высоцкага, сказаў пісьменнік, краязнавец Міхась Казлоўскі, маладосць якога прыпала на 1980-я. Ён расказаў пра сваю сустрэчу з Уладзімірам Караткевічам, якая адбылася дзякуючы маладзечанскаму гісторыку Генадзю Каханоўскаму. Паўтары гадзіны Міхась Міхайлавіч правёў у кватэры Караткевіча, слухаў расповеды пісьменніка. На памяць пра тую незабыўную сустрэчу захоўвае кнігу «Зямля пад белымі крыламі» з аўтографам аўтара і пажаданнем «заставацца заўсёды такім, якім выявіўся ў самым пачатку».

Цёплыя адносіны звязвалі М. Казлоўскага з Нілам Гілевічам, якога ён лічыць адным з самых аўтарытэтных творцаў. Раман у вершах «Родныя дзеці», напісаны Гілевічам у 1980-я, стаў адным з самых папулярных твораў беларускай літаратуры. Ішла гутарка пра талент і грамадзянскую смеласць Васіля Быкава, які ў 80-я напісаў «Знак бяды», «Кар’ер».

Наталля Калашнова прыгадала, як бацькі ўзялі іх з сястрой на турзлёт, і, гуляючы па наваколлі, яны выпадкова забрылі на пісьменніцкія дачы. Ля аднаго з дамоў на лаўцы сядзелі двое мужчын, трэці стаяў, абапёршыся на вароты. «Ну, што, дзяўчаткі, стаміліся? Прысядзьце, адпачніце», — на прыгожай беларускай мове прапанаваў адзін з незнаёмцаў, паклікаў жонку, папрасіў прынесці дзецям малака. Мужчыны распыталі, дзе дзяўчаты вучацца, чым цікавяцца. А калі юныя вандроўніцы ішлі назад, даведаліся ад мужчыны, які ехаў на веласіпедзе, што на лаўцы сядзелі Кандрат Крапіва і Максім Танк, а ля варот стаяў Васіль Быкаў. Прайшлі дзесяцігоддзі, а цеплыня той незабыўнай сустрэчы грэе душу і сёння.

Зацікаўлена абмяркоўвалі чытачы і любімыя творы рускіх літаратараў. Міхась Казлоўскі прызнаўся, што ў свой час зачытваўся Валянцінам Пікулем, якога лічыць лепшым у расійскай гісторыяграфіі. Ларыса Сарокіна разважала аб творчасці Чынгіза Айтматава, Ала Шыкавец падзялілася ўражаннямі ад прозы Галіны Шчарбаковай, Наталля Калашнова – аб сваім захапленні кнігамі Вікторыі Токаравай. Тэрэса Шукіна прачытала ўрывак з «Родных дзяцей» Ніла Гілевіча. Літаратурныя размовы перамяжоўваліся з песнямі. Удзельнікі імпрэзы слухалі ўрывак з рок-оперы «Юнона і Авось», не абышлі ўвагай і Юрыя Антонава, пік папулярнасці якога таксама прыпаў на 1980-я. Некалькі яго песень выканаў Юрый Баравец, прыгадаў, як маладзечанскія музыканты ўдзельнічалі разам з Антонавым у здымках папулярнай у савецкі час беларускай перадачы «Ля гасцінца». А на заканчэнне вядучыя падарылі ўсім «Миллион алых роз»: без песень Алы Пугачовай 80-я гады мінулага стагоддзя ўявіць немагчыма…

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 1335 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Розныя разам Скарбы роднага краю »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить