04.12.2017 17:41

У Маладзечанскім ЗАГСе жаніха і нявесту садзілі на кажух

Источник

Упершыню ў нашым ЗАГСе Маладзечна прайшла рэгістрацыя шлюбу з элементамі беларускіх нацыянальных традыцый.

У Маладзечанскім ЗАГСе жаніха і нявесту садзілі на кажух "Маладзечанская газета"

Кажух для беларусаў у мінулыя часы быў адным з сімвалаў багацця. Калі ў сям’і было хоць адно футра з аўчыны, яна лічылася заможнай.

«Садзім вас, маладыя, на кажух касматы, каб вы былі здаровыя і багатыя!» — звярнуліся да нявесты і жаніха Алены Свярскай і Сяргея Садоўскага ўдзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька» Валянціна Данілевіч і Тамара Бярэзіна. Разам з сябрамі з этнаграфічнага гурту «Кола» яны адгукнуліся на запрашэнне супрацоўнікаў ЗАГСа прыняць удзел у мерапрыемстве і аздобіць яго нацыянальным каларытам.

Трэба сказаць, што элементы беларускіх традыцый даўно ўкараніліся ва ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Па жаданні маладых яна праводзіцца на беларускай мове. Заручальныя пярсцёнкі нявеста і жаніх адшукваюць у вазе са збожжам, хросныя бацькі звязваюць ім рукі ручніком. А вось абрадавыя песні ў гонар маладых гучалі ў ЗАГСе ўпершыню: для нявесты — «Палажу кладку праз сенажатку», для жаніха
— «Едзь, малойчык, не пазніся». «Гэтыя песні спявалі раней на вяселлях у нашай вёсцы Раеўшчына, — расказвае мастацкі кіраўнік «Крынічанькі» Валянціна Данілевіч. – Калі я на сваёй Валожыншчыне выходзіла замуж, мяне таксама з дому з песнямі выпраўлялі. Іх выконвалі самыя старэйшыя жыхаркі вёскі». Адметныя пажаданні пачулі маладыя ад артыстаў, якія захоўваюць народныя традыцыі: «Каб у кожным куточку было па сыночку! Колькі ў вашай хаце падушак, каб столькі было дачушак!».
Незвычайны абярэг зрабіла спецыяльна для віноўнікаў урачыстасці ўдзельніца «Кола» вядучы метадыст па рабоце з моладдзю цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Анастасія Шпілеўская: традыцыйных лялек з сімвалічнай назвай «Неразлучнікі». У мінулыя часы такіх лялек, у якіх адна рука на дваіх, дарылі маладым у пачатку вяселля. Самадзейныя артысты жадалі, каб Алена і Сяргей усё жыццё былі неразлучнымі.

Дарэчы, жаніх і нявеста ведаюць адзін аднаго ўжо дзесяць гадоў. Яны маладзечанцы, пазнаёміліся ў гарадскім парку. Спатрэбілася даволі шмат часу, каб іх знаёмства перарасло ў сапраўднае каханне. Алена працуе бухгалтарам на ТАА «Велес-Міт», Сяргей – вадзіцель-міжнароднік.

Начальнік аддзела ЗАГС Ала Івашкевіч уручыла шчаслівай пары пасведчанне аб шлюбе, памятны медаль і фотаальбом для здымкаў самых значных момантаў жыцця. Па-асабліваму ў гэты дзень была ўбраная і зала для ўрачыстасцей: тут былі да месца лялька з лёну, ручнікі і сурвэткі.

— Вельмі спадабалася, што на рэгістрацыі нашага шлюбу гучалі беларускія песні. Не чакалі, што ўсё пройдзе так цёпла і незвычайна. Дзень нараджэння нашай сям’і запомніцца на ўсё жыццё, — у адзін голас гаварылі ўдзячныя жаніх і нявеста.

Урачыстасць праводзілася ў рамках падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя органаў ЗАГС, якое адзначаецца 19 снежня.

Фота: Анжаліка Крупянькова.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/kultura/item/1948-u-maladzechanskim-zagse-zhanikha-i-nyavestu-sadzili-na-kazhukh.html#sigProId4cca6d717b
Прочитано 3458 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить