Чарговы рэйд, які павінен быў засведчыць навядзенне парадку на зямлі, яшчэ раз пераканаў яго ўдзельнікаў, што словы, звернутыя да адказных работнікаў, жыхароў горада, у большасці сваёй застаюцца не пачутымі. Па ўсёй верагоднасці, неабходна пераходзіць ад слоў да радыкальных дзеянняў і караць вінаватых рублём. Мабыць, заплаціўшы некалькі соцень тысяч, а то і пару мільёнаў, хтосьці задумаецца: ёсць законы, якія проста неабходна выконваць.
Асаблівасцю рэйду было тое, што ў маршрут увайшлі найбольш знакавыя «кропкі» безгаспадарчасці. Больш таго, практычна ўсе яны і раней падпадалі пад пільнае і непрадузятае вока спецыялістаў, што адказваюць за чысціню і парадак у горадзе. Журналісты «МГ» таксама не шкадавалі для асвятлення экалагічных праблем газетнай плошчы. Толькі, відаць, гэтага недастаткова, хаця мы нават атрымлівалі адказы, што ўсё зроблена, недахопы ўхілены. Аднак, як кажуць, «воз и ныне там».
У рэйдзе ўдзельнічалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ганна Іванаўна НАЙДЗЮК, начальнік ВТА УП «Камунальнік» Марыя Іванаўна СЫРАЕЖКА, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Галіна Віктараўна УНУКОЎСКАЯ, загадчык аддзела камунальнай гігіены занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіл Міхайлавіч МІХАЛЕВІЧ, журналісты «Маладзечанскай газеты», радыё «Маладзечна», студыі «Новы час».
Няма сумлення – плаці грошы
Першым аб’ектам наведвання рэйдавай брыгады стаў гаражны кааператыў №29, што ў Вялікім Сяле. Дарэчы, ён пападаў ужо ў поле крытыкі «МГ». Толькі высновы ні кіраўніцтва кааператыва, ні гаспадары гаражоў не зрабілі. Па-ранейшаму ўсюды пустазелле, кучы металалому. «Каларыту» дадаюць і хлявы з вальерамі, у якіх мірна жывуць качкі. Карацей, гэты куточак Маладзечна нагадвае тэрыторыю, свабодную ад выканання патрабаванняў усіх норм і законаў, і існуе па прынцыпе «што хачу, тое і раблю».
Тут жа, за варотамі кааператыва, водаадводная канава і вуліца Раёўская. На фоне шыкоўнага ландшафтнага дызайну прысядзібнага ўчастка дома №19 і дагледжанай тэрыторыі каля яго помнікам безгаспадарчасці выглядае адмысловы катэдж, што насупраць. Хто гаспадар – невядома, у доме пакуль ніхто не жыве, але гэта не знімае адказнасці з забудоўшчыка за стан тэрыторыі вакол дома. І гэта таксама мы бачылі ўжо не першы раз. Тэрыторыя каля ліўнёўкі, за якую адказвае УП «Камунальнік», таксама патрабуе гаспадарскай рукі і больш дакладнай арганізацыі працы.
У маршруце рэйдавай брыгады завулак Зялёны значыўся не выпадкова. У дваццатых чыслах красавіка стан водаадводнай канавы, што пралягае ўздоўж завулка, выклікаў нямала нараканняў з боку эколагаў. Мала таго, што яна была не ачышчана, але практычна ці не з кожнага дома былі зроблены вывады ад мясцовых каналізацый, а гэта парушэнне ўсіх санітарных норм. Увесь бруд сцякае ў ліўнёўку, а далей яго «шлях» ляжыць ва Ушу. Рэдакцыя на той рэйд атрымала адказ ад кіраўніцтва УП «Камунальнік», што ўсе вывады заглушаны. Так гэта ці не, сцвярджаць не бяромся: берагі ліўнёўкі не абкошаны і нічога ўбачыць немагчыма. Але вось у адным домаўладанні (вул. Лагойская, д. №1) як пускалі фекаліі ў канаву, так і працягваюць гэта рабіць. Па даным факце санітарнай і экалагічнай службамі складзены пратаколы. Думаецца, што сумы, якія гаспадары заплацяць за парушэнні санітарных норм, адаб’юць у іх ахвоту вось так бессаромна шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Цікавым падаецца і той факт, што гаспадары гэтага дома нават не палічылі патрэбным паставіць плот з боку канавы і ўсё пустазелле складзіруюць там жа, на беразе.
Вельмі шкада, што людзі не прывыклі мысліць глабальнымі катэгорыямі, не клапоцяцца аб чысціні той жа Ушы, а кіруюцца толькі сваімі местачковымі інтарэсамі. І сёння ёсць пытанні да камунальнай службы, «Маладзечнаводаканала». Мабыць, усё ж варта паспрабаваць навесці парадак і прымусіць людзей паважаць законы, няхай і пры дапамозе рубля.
Нічыйныя паркі
У горадзе іх два – Камсамольскі і парк у мікрараёне №6. У абодвух – запусценне, бур’ян і поўная безгаспадарчасць. У Камсамольскім парку людзі складзіруюць будаўнічыя матэрыялы, дровы (карацей, каму што трэба). На свае прыгожыя падворкі ды каля платоў не выгружаюць, а вось на нічыйную тэрыторыю – можна. Тым больш што жудасны выгляд парку ўжо нічым сапсаваць нельга. Знайшоўся толькі адзін гаспадар, які ўтварыў звалку каля дома. Між тым, нават калі там вядуцца рамонтныя работы, то ўсё ж, напэўна, можна прыдаць ім больш культурны выгляд.
З маштабнага праекта па добраўпарадкаванні парку, які так гучна абвясціў аддзел па справах моладзі райвыканкама, практычна нічога не атрымалася. Выключэнне – сіратлівы стадыён, які існуе больш дзеля птушкі: асвятленне, іржавая металічная агароджа і футбольныя вароты. А часу прайшло дастаткова, каб зрабіць нешта больш важкае. Толькі навошта ладзіць сваё? Лепш з’ездзіць за мяжу, а потым расказваць, як там усё прыгожа...
Першы крытычны сігнал пра парк у мікрараёне №6 быў змешчаны ў нашай газеце за 17 ліпеня. Думаеце, што-небудзь кардынальна змянілася? Не. Хаця памкненні палепшыць становішча назіраюцца. Між тым кіраўнікам адпаведных службаў публікацыя выслана на рэагаванне. Што ж, пачакаем. Дарэчы, Марыя Іванаўна Сыраежка сітуацыю з гэтым паркам пракаменціравала такім чынам:
— Тэрыторыя парку падзелена на ўчасткі, якія замацаваны за пэўнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Яны і павінны сачыць за парадкам, абкошваць свае тэрыторыі.
Магчыма, гэта і так, але трэба, каб быў кантроль, у тым ліку і за выгулам сабак. Калі нічога не зменіцца да лепшага, то спісы «гаспадароў» мы надрукуем у газеце.
Алена ЛАШУК.
Фота Аляксея ПЛАТКО.



Экологическая страничка




В Беларуси обитает 7 видов синиц-дуплогнездников и множество других мелких пташек, предпочитающих для гнездования дупла.





