04.04.2020 9:50

Як Кабылкі Зоранькай сталі

Сёлета спаўняецца 220 гадоў з першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах пра вёску Кабылкі, якая ў 1966 годзе перайменавана ў Зораньку. І гэта добрая нагода, каб разам з яе жыхарамі прыгадаць мінулае, распытацца пра дзень сённяшні. А «экскурсаводам» я папрасіла стаць Ніну Станевіч, былога намесніка старшыні сельгаспрадпрыемства «Палачаны», дэпутата Палачанскага сельскага Савета. Шмат гадоў яна жыве ў Груздаве, з’яўляецца старастай гэтай вёскі. Аднак нарадзілася ў Зораньцы, жыхары якой заўсёды сустракаюць яе як роднага чалавека.

Ехаў пан на кані…

Па дарозе Ніна Аляксандраўна расказала старадаўнюю легенду, якую чула ад сваіх бацькоў. Быццам бы ехаў непадалёк ад вёскі пан, загразла яго кабыла ў балоце ды і патанула. «Кабылка мая! Кабылка мая!» — галасіў пан на ўсё наваколле. З таго часу і сталі называць вёску Кабылкі. А непадалёк размяс-
ціліся Быкі, Цяляткі, Канюхі. Па іншай легендзе іх жыхары ўмелі вырошчваць добрую жывёлу, якую з ахвотай куплялі ва ўсім наваколлі.

У кнізе «Памяць» пазначана, што ў 1800 годзе тут быў усяго адзін двор, 10 жыхароў. Да вайны налічвалася больш за 300 вяскоўцаў, а найбольш людзей – 334 — жыло ў 1960-1970-я гады. Цяпер у вёсцы каля 100 дамоў, але толькі 34 з іх належаць карэнным жыхарам (іх 58), астатнія – дачнікам. Працаздольных людзей засталося мала, у асноўным жывуць пенсіянеры. І на ўсю вёску адзіны вучань – 11-класнік Палачанскай СШ Андрэй Лотыш.

Нельга не сказаць і пра тое, што 28 мужчын з Зоранькі абаранялі Радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны, 12 з іх загінулі.

Пасля вайны ў вёсцы была спачатку пачатковая, пазней сямігадовая школа, якую даўно за-
крылі. Ніна Станевіч вучылася ў ёй. Тут выкладалі настаўнікі Клаўдзія Акуліч, Соф’я Баган, Аляксей Кавалеўскі і іншыя. У старэйшыя класы дзеці хадзілі за 5 кіламетраў у Палачанскую школу. У 70-я гады вучняў часта падвозіў на трактары Міхаіл Абіда: дзятвы набівалася поўны прычэп. У той час пра школьныя аўтобусы нават і не марылі…

Здаўна тут жылі сем’і Божка, Собаль, Пляскач, Зянькевіч, Мяснік. Паралельна з прозвішчамі былі ва ўжытку і мянушкі – Санькавы, Рыгоркавы, Лукашовы, Марціны, Парасчыны, Апанасавы…

Ваду насілі на каромысле

— З дзяцінства найбольш запомнілася, як не хапала ў нашай вёсцы чыстай вады, — прыгадвае Ніна Аляксандраўна. — На ўсе Кабылкі былі толькі дзве студні — у Аляхновічаў і Лужынскіх. Каб набраць вядро вады, трэба было ўставаць у тры ночы, бо да раніцы ўсю вычэрпвалі. Да гонару гаспадароў, яны нікому не адмаўлялі: не пусціць набраць вады – наклікаць бяду на сябе… У вёсцы было некалькі выкапаных і абгароджаных ад жывёлы сажалак. Чэрпалі з іх ваду, працэджвалі, выкарыстоўвалі для мыцця, нават суп з яе варылі. А для піцця насілі на каромысле за паўтара кіламетра з хутара Баганы ці з Яхімоўшчыны. Памятаю, зімой у галалёд тата паслізнуўся ля самага дома, разліў усю ваду. Прыйшоў дамоў, сеў на лаву і заплакаў… А калі ў 53-м прабілі свідравіну глыбінёй ажно ў 105 метраў і з яе забіў струмень, уся вёска збеглася. Гэта быў сапраўдны цуд, многія хрысціліся, ад радасці абмывалі твары.

Ніна Мартынчык аб’ездзіла ўвесь Савецкі Саюз, жыла за мяжой, але вярнулася на малую радзіму.

У 1980-я правялі водаправод, цяпер многія гаспадары падвялі ваду прама ў дамы. Але скардзяцца, што іншы раз з раніцы вельмі слабы напор, а летам, калі пачынаецца паліў, наогул здараюцца перабоі.

Успамінаюць старажылы і непраходную гразь пасля дажджоў на вясковай вуліцы, якая яшчэ ў царскія часы была вымашчана бярвёнамі. З часам драўляны памост знасіўся, заплыў брудам. Каб прыйсці на танцы ці вяселле ў чыстым абутку, мясцовыя дзяўчаты наверх на яго надзявалі цэлафанавыя пакеты.

— Памятаю, на Вялікдзень у жакі хадзілі, дык каб не вымазаць новыя сандалі, я па плоце ад хаты да хаты перабіралася, — успамінае дзяцінства адна з карэнных жыхарак Ірына Мяснік, якая шмат гадоў загадвала мясцовай жывёлагадоўчай фермай па вырошчванні цялят, была старастай вёскі.

У 1980-я гады калгас заасфальтаваў вуліцу праз вёску. Цяпер тут два разы на дзень курсіруе аўтобус з Вялікага Сяла ў Маладзечна, рэгулярна прыходзіць аўтакрама. Паток машын немалы з-за блізкага суседства з новым свінакомплексам. Мясцовыя жыхары скардзяцца, што магутныя машыны разбіваюць асфальт, якому і так шмат гадоў.

Вучні і настаўнікі пачатковай школы в. Кабылкі.

Назву прапанавала Ніна Лазар

— У 1960-я пайшла мода пераймяноўваць вёскі. Быкі, напрыклад, сталі Рабінавай. Дайшла чарга і да нашых Кабылак, сабралі сход, — успамінае Ніна Станевіч. – Мой тата Аляксандр Пляскач, удзельнік вайны, у якога на стале заўсёды ляжалі дзве кнігі – Біблія і гісторыя КПСС, прапанаваў у гонар Леніна назваць яе Ульянаўкай. Але людзям не спадабалася. Тады наша перадавая працаўніца, загадчыца фермы Ніна Лазар сказала: «Нядаўна правялі электрычнасць, наша вёска заззяла. Давайце назавём яе Зоранькай!». Так з лёгкай рукі Ніны Лук’янаўны і прыжылася гэта назва.

Першы тэлевізар – у Міхаіла Мацвеенкі, першае аўто – у Івана Бажко

Міхаіла Мацвеенку ў вёсцы звалі Мараком, быў прыезджым, удзельнікам вайны, ажаніўся з мясцовай жанчынай. Ён першым купіў тэлевізар, у іх доме суседзі збіраліся па вечарах, нібы ў кінатэатры.

А гаспадаром першай машыны быў перадавы трактарыст, кавалер ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга Іван Бажко. «Масквіча» яму падарылі ў 1986-м, калі калгас «50-годдзе Кастрычніка» за высокія дасягненні быў адзначаны на ВДНГ у Маскве.

Працягваючы тэму вясковых працаўнікоў, мае субяседніцы называюць каваля Аляксандра Карташэвіча, хлебароба, кавалера ордэна Леніна Міхаіла Карташэвіча, рукадзельніцу і кулінарку Марыю Шашок, швачку Леакадзію Маскалевіч, якая за ноч магла пашыць сукенку самага моднага фасону. Добрым словам прыгадваюць вяскоўцы прадаўца магазіна Ірыну Зянькевіч. Родам з Зоранькі Генадзь Бажко, які шмат гадоў працаваў старшынёй сельгаспрадпрыемства «ЯхімоўшчынаАгра», дырэктарам камбіната хлебапрадуктаў, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

Лепшая саўна – на жывёлагадоўчым комплексе

Сюды імкнулася трапіць усё наваколле: саўна на магутным у 1980-я гады Зоранькаўскім комплексе буйной рагатай жывёлы на 800 галоў была выдатнай. Адказваў за яе Уладзімір Карабель, якога вяскоўцы паважалі і за тое, што ён быў выдатным пчалаводам. Загадчыкам комплексу працаваў Уладзімір Станкевіч, які пазней шмат гадоў узначальваў Палачанскі сельскі Савет дэпутатаў. Цяпер нават цяжка паверыць: на комплексе акрамя саўны быў шыкоўны пакой для адпачынку, пункт бытавога абслугоўвання, кабінеты стаматолага, гінеколага, у якіх у вызначаныя дні ўрачы прымалі пацыентаў.

Чакалі вечарам кароў і спявалі

Ніна Станевіч, Ірына Мяснік успамінаюць, як хораша спявалі мясцовыя жанчыны. Збяруцца на лаўцы вечарам, чакаюць кароў з поля — і абавязкова песню зацягнуць. Не дзіўна, што калі калгас узвёў тут клуб, яго загадчыца вялікая энтузіястка Надзея Лотыш стварыла капэлу. Саліравалі ў ёй Ніна Равяка, Соф’я Пякарская. Жанчыны выступалі не толькі на сцэнах калгаса, раёна, але і ў Мінску, нават у Маскве. Часта ім акампаніраваў Аляксандр Рамановіч, які быў дырэктарам Палачанскага Дома культуры, затым шмат гадоў узначальваў раённы аддзел культуры.

Мае субяседніцы прыгадваюць, што ўсе зоранькаўскія нявесты напярэдадні вяселля збіралі сябровак на дзявочы вечар – такі звычай быў спрадвеку. Дзяўчаты плялі вянкі з мірту, спявалі песні. А маладых заўсёды сустракалі ўсёй вёскай.

Славутая зоранькаўская капэла, кіраўнік Надзея Лотыш – першая злева.

«Тут самыя добрыя людзі жывуць!»

Так лічыць Ніна Мартынчык, у дзявоцтве Равяка. Яна працавала правадніком на Беларускай чыгунцы, аб’ездзіла ўвесь Савецкі Саюз, разам з мужам ваенным пяць гадоў жыла ў Чэхаславакіі, у Астраханскай вобласці. Пасля адстаўкі мужа яны вярнуліся ў Зораньку, дагледзелі маці, абзавяліся гаспадаркай. На жаль, Анатолій Аляксандравіч вельмі рана пайшоў з жыцця, Ніна Іванаўна адна засталася ў бацькоўскім доме. Расказвае, што ўвесь гэты час адчувала падтрымку аднавяскоўцаў, якія ніколі не адмаўлялі ў дапамозе. Захоўвае жанчына сямейныя рэліквіі, сярод якіх старадаўні буфет, насценны гадзіннік. На бачным месцы ў доме стаіць вялікі куфар, у якім яе маці Лізавета Пятроўна прывезла свой пасаг. Дачка рэстаўрыравала яго…

Рэчы, якія захоўваюць цяпло рук бацькоў і дзядоў, песні, легенды, фотаздымкі, камень-крыж ля дарогі, векавыя ліпы над ім – усё гэта і ёсць бясцэнная спадчына, якую берагуць сённяшнія гаспадары прыгожай і самабытнай вёскі Зоранька.


***
Ля дарогі з Палачан за 1,5 кіламетра ад Зоранькі знаходзіцца адзін з самых загадкавых камянёў нашага раёна – ружовы валун у форме крыжа. Яму нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а мясцовыя жыхары вераць у яго цудадзейную сілу.

Спрадвеку на другі дзень Сёмухі ў вёсцы праходзіць служба, прыязджае бацюшка з Палачанскай царквы. Нават калі ў савецкі час царкву закрылі, людзі маліліся ў гэты дзень ля крыжа-абярэга ў пачатку вёскі.

Зінаіда Сянько (у дзявоцтве Малахава) стала першай жыхаркай Зоранькі, якая атрымала вышэйшую адукацыю. Яна закончыла педагагічны інстытут, працавала дырэктарам школы на Гомель-
шчыне.

У Зораньцы ў 1986 годзе прайшло першае ў раёне свята вёскі. Апошні раз такая ўрачыстасць адбылася пяць гадоў таму, калі адзначалася 215 гадоў з першага ўпамінання пра вёску.


ПАВАЖАНЫЯ ЧЫТАЧЫ!
Калі ў вас ёсць цікавыя факты пра вашу вёску, старадаўнія здымкі яе жыхароў, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 77-19-61. Журналісты прыедуць, распытаюць і раскажуць пра вашу малую радзіму на старонках газеты.


Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Ніны СТАНЕВІЧ.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/god-maloj-rodiny/item/6602-yak-kabylki-zorankaj-stali.html#sigProId662ef33eaf
Прочитано 281 раз Последнее изменение 04.04.2020 9:50
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить