23.01.2020 12:34

У Маркаве памятаюць пана Страшынскага

Былая панская сядзіба, прыгожае возера, царква, на ўзвядзенне якой было выдаткавана 6 тысяч рублёў золатам, помнік Леніну і яшчэ шмат што можна ўбачыць у Маркаве. Не забылі тут і былых гаспадароў панскай сядзібы.

Від на былую панскую сядзібу. Від на былую панскую сядзібу. "Маладзечанская газета".

У краязнаўчую вандроўку ў аграгарадок паехаў пасля таго, як у адным з даведнікаў прачытаў пра сядзібна-паркавы комплекс у ім. Трэба адзначыць, што бываю ў Маркаве даволі часта. Аднак пра аб’ект гэты не ведаў. Інфармацыя зацікавіла. Старых панскіх сядзіб у краіне захавалася не так ужо і многа. Ды яшчэ з элементамі ландшафтнай архітэктуры… І вось у адзін з выхадных дзён я крочыў па галоўнай вуліцы аграгарадка.

— Сядзібу шукаеце? – спытала пажылая жанчына, якая выходзіла з магазіна. — Дык яна недалёка ад сортавыпрабавальнай станцыі. Ідзіце па вуліцы ўздоўж возера. Убачыце некалькі стандартных двухпавярховых жылых дамоў. За імі будынак, які вам патрэбен. Раней у ім размяшчалася праўленне гаспадаркі, цяпер – інтэрнат.
Мясцовая жыхарка паведаміла, што адным з паноў у Маркаве быў пан Страшынскі. Запомніўся ён як руплівы гаспадар і ветлівы чалавек. З людзьмі разлічваўся справядліва, дапамагаў, калі была патрэба. Пасля прыходу «саветаў» гаспадар сядзібы з’ехаў у Польшчу.

Добрым арыенцірам для мяне была вялікая лістоўніца. Гэтыя дрэвы даўно выкарыстоўваюцца пры стварэнні садова-паркавых комплексаў. Лістоўніцы жывучыя, непераборлівыя. Яны могуць вырасці да 40 метраў і пражыць да 400 гадоў. Добра, што прадстаўнік экзатычнага для нашага краю віду раслін захаваўся ў Маркаве.
Былы панскі дом сапраўды выдзяляецца сярод іншых будынкаў. Фасадам ён выходзіць на возера. Паблізу яго старая алея. Магутныя дрэвы растуць абапал дарогі, якая пракладзена па дамбе. У пана быў густ, ён умеў выбіраць прыгожыя месцы для жыхарства — наваколле і цяпер стварае атмасферу спакою і велічы.
Абышоў былую сядзібу. Заўважыў яшчэ адну алею. Перад домам устаноўлены помнік Леніну. На пастаменце — бюст правадыра сусветнага пралетарыяту. З манументаў Уладзіміра Ільіча, якія я бачыў, гэта адзін з самых мініяцюрных.

Калі фатаграфаваў былы панскі дом, да мяне падышоў Аляксандр Шуляк, мясцовы жыхар.

— У пана працаваў кавалём мой дзед, — паведаміў мужчына. – Ён расказваў, што маёнтак славіўся багаццем. Ля возера знаходзіўся млын. Гаспадарку Страшынскі вёў на высокім узроўні. Пан быў праца-віты. За гэта яго паважалі.
Як адзначыў субяседнік, другім месцам пражывання пана быў дом недалёка ад Маркава. А яшчэ ішла пагалоска, што ў возеры патанулі дзве панскія дачкі. Ці было гэта на самай справе, ужо, напэўна, не даведаешся…

Час прыспешваў. Трэба было паспець на аўтобус да Маладзечна. Перад ад’ездам сфатаграфаваў памятны камень у гонар 600-годдзя Маркава і зайшоў у царкву Святой Жыццепачатнай Тройцы. Храм адметны тым, што ўзводзіўся некалькі разоў. У аддзеле рукапі-саў Варшаўскага ўніверсітэта захавалася апісанне за 1616 год вёскі Маркава. Рукапіс інфармуе пра старажытную маркаўскую царкву.

Сучасны храм быў асвечаны ў 1860 годзе. На яго ўзвядзенне дзяржава выдзеліла 6 тысяч рублёў золатам. Будынак царквы выдатна захаваўся і з’яўляецца адной са славутасцей Маладзечаншчыны.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/god-maloj-rodiny/item/6118-u-markave-pamyatayuts-pana-strashynskaga.html#sigProId63a45b1a8c
Прочитано 477 раз Последнее изменение 23.01.2020 12:34
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить