22.02.2017 7:52

У Маладзечне захаваліся будынкі «польскага» часу

Источник

Жыхар Маладзечна нашага горада Уладзімір Садоўскі займаецца краязнаўствам некалькі гадоў. Яго найбольш цікавіць архітэктура міжваеннага часу. Уладзімір знаёміцца з архіўнымі матэрыяламі, гартае падшыўкі газет і часопісаў. Шмат у чым дапамагаюць аэрафотаздымкі тых часоў, аповеды старажылаў, публікацыі ў інтэрнэце. Нядаўна энтузіяст паказаў нам найбольш цікавыя будынкі, узведзеныя паміж 1921 і 1939 гадамі.

У Маладзечне захаваліся будынкі «польскага» часу "Маладзечанская газета"

Закапанскі стыль

Экскурсія пачалася на вуліцы Таўлая, ля дома №5.
— Дом пабудаваны ў 1925 годзе па праекце архітэктара Юліяна Лісецкага і прызначаўся для сем’яў афіцэраў корпуса аховы памежжа і чыноўнікаў Маладзечанскай гміны, — тлумачыць Уладзімір. — Гэта было ведамаснае жыллё вышэйшага класа. У доме размяшчаліся 14 камфартабельных кватэр: 3 чатырохпакаёвыя, 3 трохпакаёвыя і 8 двухпакаёвых. У кожнай прадугледжваліся памяшканні для прыслугі і ўласнае каміннае ацяпленне.

Адметная рыса будынка – так званы закапанскі стыль, для якога характэрныя «ламаныя» абрысы, высокі дах, мноства камінаў, наяўнасць слыхавых вокнаў. У часы Другой Рэчы Паспалітай лічылася, што менавіта такі стыль найбольш перадае нацыянальныя асаблівасці польскай архітэктуры.

Дамы, падобныя на гэты, і цяпер можна сустрэць у Беластоку, Варшаве, іншых гарадах. Узводзіліся яны па тыпавым праекце на ўсёй тэрыторыі тагачаснай Польшчы..  

У двары вышэйзгаданага дома знаходзіцца масіўнае бетоннае збудаванне. Цяпер яно выкарыстоўваецца як склеп. Краязнавец упэўнены, што раней тут быў арсенал. Аб гэтым сведчыць наяўнасць памяшкання для выдачы зброі і боепрыпасаў, а таксама спецыяльны пакой, прыстасаваны для захоўвання выбуховых рэчываў. Пры выпадковай дэтанацыі масіўныя сцены павінны былі стрымаць выбуховую хвалю і не дапусціць разбурэння жылых кварталаў.

Цэгла з Польшчы

Далей наш маршрут пралягаў каля будынка, дзе цяпер размяшчаецца падатковая інспекцыя. У міжваенны перыяд тут працавала павятовая, а потым гарадская адміністрацыя. Пра час пабудовы (1927 год) нагадвае мазаіка на падлозе вестыбюля.

Паварочваем на вуліцу Бухаўшчына, праходзім некалькі дзясяткаў метраў — і перад намі паўстае аднапавярховы прыватны дом з цёмна-шэрай цэглы.

— Звярніце ўвагу: у 20-30-я гады мінулага стагоддзя такая цэгла на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі не выпускалася, — працягвае экскурсавод. – Хутчэй за ўсё, яна выраблялася ў Польшчы. Як адзначаецца ў справаздачы Міністэрства грамадзянскага будаўніцтва за 1925 год, да 90 працэнтаў ад агульнай колькасці цэглы завозілі да нас з іншых рэгіёнаў былой Рэчы Паспалітай.

Ваколіцы былой брамы

Мінаем гарадскі парк. І вось за кронамі дрэў бачым трохпавярховы будынак з ужо знаёмай цэглы. Праз дарогу такі ж, але пафарбаваны ў ружовы колер. Раней паміж імі знаходзілася манументальная брама.
— Падобнае жыллё ўзводзілася для сем’яў афіцэраў і сяржантаў рэгулярнай польскай арміі, — тлумачыць Уладзімір Садоўскі. – Яго асаблівасць — малыя кухні. Меркавалася, што жыхары будуць харчавацца ў агульнай сталовай. Архітэктар збудаванняў – Уладзіслаў Палкоўскі. Свой праект ён прадставіў на конкурс ваенна-жыллёвага фонду. Такія ж трохпавярховыя дамы можна ўбачыць у Паставах. Аналагі двухпавярховых дамоў па вуліцы Чкалава захаваліся ў вёсцы Краснае, Баранавічах і нават Вільнюсе.

Краязнавец паказвае іншыя збудаванні таго часу – былыя казармы, воданапорную вежу, будынак драматычнага тэатра, адзін з карпусоў гарадской бальніцы. Ёсць на тэрыторыі бальніцы і невялікі дом у характэрным закапанскім стылі. Дарэчы, гарадскі стадыён быў узведзены на месцы страявога пляца.    

На сценах некаторых будынкаў можна ўбачыць сляды ад куль і асколкаў. Гэта напамін пра жорсткія баі, якія вяліся ў час вызвалення Маладзечна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Участак вуліцы Машэрава ад Вялікага Гасцінца да Чкалава забудоўваўся пасля вайны. У польскі час навокал былі палі. Фальварак Гелянова далучылі да горада ў 1929-м. Гарнізон пяхотнага палка Войска Польскага размяшчаўся тут з 1922 года, — нагадаў экскурсавод.

Захаваць архітэктурную спадчыну
— У Маладзечне захавалася многа ўзораў міжваеннай архітэктуры, — адзначыў у канцы экскурсіі Уладзімір Садоўскі. – Падобныя збудаванні ёсць на вуліцах Таўлая, Бухаўшчыне, Машэрава, Чкалава, Лібава-Роменскай, у Залінейным раёне. Фактычна гэта было першае шматкватэрнае жыллё ў нашым горадзе.

Пабудовам уласцівыя мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм, рысы іншых архітэктурных стыляў. Вось чаму неабходна хаця б некаторым дамам надаць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. Інакш у выніку капітальнага рамонту іх арыгінальныя асаблівасці будуць незваротна страчаныя.

Працяг будзе.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/glavnye-novosti/item/951-pa-mizhvaennym-maladzechne.html#sigProId4e46dff230
Прочитано 1340 раз Последнее изменение 22.02.2017 7:52
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить