09.01.2019 7:22

Падзеі жыцця раёна -- на старонках "Маладзечанскай газеты" розных часоў

Згодна з кітайскім календаром 2019-ы – год Свінні. І хаця ў беларусаў свае святы і традыцыі, у апошнія дзесяцігоддзі сімвалы кітайскага календара прыжыліся і ў нашых шыротах. На паліцах магазінаў – безліч фігурак сімпатычных свінак, гэты сімвал, безумоўна, прынясе нам шчасце і багацце. А мы вырашылі па традыцыі пагартаць старыя падшыўкі газеты і высветліць, чым былі адметныя мінулыя гады, што прайшлі пад знакам гэтай жывёлы, якую ва ўсе часы гадавалі беларусы.

"Маладзечанская газета" розных часоў. "Маладзечанская газета" розных часоў. "Маладзечанская газета"


1959-ы. Эпоха «хрушчовак» і кукурузы
У гэты час «раёнка» называлася «Сцяг Кастрычніка». Ні пра які год Свінні тады ніхто не чуў і не пісаў. Усё было нашмат больш сур’ёзна: 1959-ы стаў першым годам сямігодкі ўдарнай камуністычнай працы. У кожным нумары – рапарты калектываў аб датэрміновым выкананні планаў, прозвішчы перадавікоў, паведамленні аб здачы новых дамоў для шчаслівых савецкіх сем’яў -- так званых «хрушчовак» з мікраскапічнымі кухнямі, прахаднымі пакоямі.

З Новым годам чытачоў газеты павіншаваў калектыў танкера «Маладзечна», а таксама нашы землякі, якія на Далёкім Усходзе будавалі Дарогу дружбы Масква -- Пекін. Сярод іх Зінаіда Шапотнік, Людміла Сяліцкая, Аляксандр Сінькевіч і іншыя.

Адна са значных падзей раёна – пуск брыкетнага завода ў Беразінскім, які даў першыя тры тысячы тон высакаякаснага паліва.

У калгасах надавалася асаблівая ўвага вырошчванню кукурузы, галоўнай сельскагаспадарчай культуры хрушчоўскай эпохі.

1971-ы. Заслужанай свінарцы – званне Героя Сацыялістычнай Працы

Наша газета на той час называлася «Святло камунізму». Менавіта ў гэтым годзе Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў на XXIV з’ездзе КПСС аб’явіў, што ў СССР пабудаваны развіты сацыялізм. Пазней з гэтага года гісторыкі пачалі адлік эпохі застою. Цікава, што ў 71-м упершыню кіраўнік краіны з тэлеэкрана павіншаваў гледачоў з Новым годам, і гэта традыцыя захавалася да цяперашняга часу.

У 1971 годзе памёр Мікіта Хрушчоў. Быў выпушчаны самы масавы аўтамабіль «Жыгулі». У БССР быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».

Сімвалічна, што менавіта ў год Свінні заслужанай свінарцы з калгаса «Маладзечанскі» Веры Паклікуха было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і молат». Такія ж узнагароды атрымалі першы сакратар Маладзечанскага райкама КП Беларусі Уладзімір Быкоўскі і брыгадзір з калгаса «Светлы шлях» Аляксандр Бобрык. Яшчэ адна навіна: дырэктар саўгаса «Яхімоўшчына» Іван Дзяржынскі абараніў дысертацыю і атрымаў званне кандыдата эканамічных навук.

Напярэдадні 1971 года быў падпісаны акт аб здачы Маладзечанскага малаказавода, разлічанага на перапрацоўку 60 тон малака за суткі.

У гэтым годзе былі ўведзены новыя льготы для жанчын, якія гадуюць дзяцей. У дэкрэтным водпуску без захавання заработнай платы, але з захаваннем месца яны маглі знаходзіцца да года.

Яшчэ адно новаўвядзенне -- індэксы на паштовых канвертах, якія дазволілі хутчэй сартаваць карэспандэнцыю. Пачала кругласутачна працаваць міжгародняя тэлефонная сувязь. У праграме тэлебачання, якая друкавалася ў нашай газеце, былі тры каналы. Перыядычна з’яўляўся чацвёрты: «Паказвае Вільнюс».

1983-і. Пачатак камп’ютарнай эры
На гэты год прыпала нядоўгае праўленне Генеральнага сакратара ЦК КПСС Юрыя Андропава. На старонках нашай газеты змяшчалася фота амерыканскай дзяўчынкі Саманты Сміт, якая ў разгар халоднай вайны напісала пісьмо Андропаву з просьбай захаваць мір. Саманту запрасілі у СССР, яе называлі «галубкай міру». На жаль, у 1985-м яна разам з бацькам загінула ў авіякатастрофе.

Гэты год ва ўсім свеце лічыцца пачаткам камп’ютарнай эры: у ЗША з’явіліся першыя персанальныя камп’ютары, якімі кіравалі пры дапамозе «мышкі». Праўда, у нашу рэдакцыю камп’ютарызацыя прыйшла амаль праз дзесяць гадоў.

За распрацоўку прагрэсіўных тэхналогій і арганізацыю вытворчасці дыёдаў, транзістараў, камутацыйных установак лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР сталі прадстаўнікі завода сілавых паўправадніковых вентыляў дырэктар Валянцін Чурзін, начальнік аддзела Сяргей Каняеў, слесар-інструментальшчык Канстанцін Рак, галоўны інжынер АКТБ ГІС Уладзімір Сцяпанаў, загадчык сектара  Валерый Урбановіч.

У час павальнага дэфіцыту квітнела спекуляцыя, якую выкрывалі на старонках газеты, называлі прозвішчы тых, хто перапрадае тавары. Падпольны бізнес тады рабілі на алкаголі, пасцельнай бялізне, адзенні, «адрывалі з рукамі» люстры з падвескамі, якія прывозілі з Вільнюса.

1995-ы. «Усё горш і горш… Куды далей?»

У гэтым годзе наша газета ўжо насіла сваю цяперашнюю назву. На той час яе фармат быў А4 – часопісны, ці, як мы гаварылі, «кішэнны» варыянт, але ён праіснаваў нядоўга.

«Усё горш і горш… Куды далей?» -- загаловак да матэрыялу з аддзела статыстыкі аб сацыяльна-эканамічным развіцці горада і раёна ў 1995 годзе. Час быў няпростым, прадпрыемствы працавалі з перабоямі, у магазінах – дэфіцыт тавараў. Часта ў нашай газеце можна было сустрэць аб’явы аб тым, што прадпрыемствы рознага профілю гандлююць цукрам, мукой у мяшках, прадаюць алей і г.д. Як адлюстраванне часу – крытычныя, палемічныя нататкі «Начны мэр» маладзечанскага пісьменніка Міколы Капыловіча, які працаваў вахцёрам у гарвыканкаме.

Для Беларусі гэты год значны першым рэферэндумам, па выніках якога прынята дзяржаўная сімволіка, рускай мове нададзены статус дзяржаўнай, узяты курс на інтэграцыю з Расіяй. Наша краіна адзначыла 50-годдзе Перамогі.

У 95-м у Беларусі нарадзіліся першыя блізняты, зачатыя экстракарпаральным метадам, ці, як кажуць, «у прабірцы».

Прыцягнула ўвагу аб’ява, што ў кінатэатры «Радзіма» праводзіць бясплатныя сеансы народны лекар Уладзімір Панцеляймон. «Прыходзьце ўсе, каго непакоіць няўпэўненасць у заўтрашнім дні, стомленасць душы, няўдачы ў каханні», -- заклікаў лекар.

Сярод прыемных навін – паведамленне, што кожны трэці работнік камбіната хлебапрадуктаў падпісаўся на нашу газету. Часы і тады былі няпростыя, але маладзечанцы больш актыўна выпісвалі мясцовае выданне, інтэрнэт яшчэ не складаў канкурэнцыю газетам.

Прыцягнула ўвагу і фота спявачкі з Маладзечна Стэлы з амерыканскім акцёрам Лэйнам Дэвісам, які іграў у папулярным серыяле «Санта-Барбара» Мэйсана Кэпвела. Стэла сфатаграфавалася з ім на «Славянскім базары».

2007-ы. Прэм’ера оперы «Іаланта», першы боўлінг у «Старым замку»

Упершыню на старонках «МГ» было шмат інфармацыі пра год Свінні, друкаваўся гараскоп, расказвалася пра кітайскі каляндар. Фота казачнай свінкі ўпрыгожыла першую старонку навагодняга нумара. Для нашай газеты год быў адметны тым, што 4 красавіка 2007 года выйшаў яе 11-тысячны нумар.

У краіне гэты год праходзіў пад знакам 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, юбілей адзначаўся вельмі шырока. Беларусы парадаваліся за Дзмітрыя Калдуна, які заваяваў на «Еўрабачанні» шостае месца, засмуціліся, што краіны-суседкі ўвайшлі ў Шэнгенскую зону і ўвялі візы. Маладзечанцы апладзіравалі мясцовай спявачцы Алесі Кульша, якая заваявала Гран-пры на IX Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі. Сярод значных падзей культуры – прэм’ера оперы «Іаланта» ў пастаноўцы Маладзёжнага музычнага тэатра, прэзентацыя кнігі «Старонкі жыцця і творчасці» Кастуся Харашэвіча, аднаго з лепшых беларускіх пейзажыстаў.

Чуллівая інфармацыя з гарпаліклінікі: у разгар эпідэміі грыпу маладзечанскія таксісты вазілі на выклікі ўрачоў, загадчыца паліклінікі Лілія Лісоўская са старонак газеты дзякавала ім за дапамогу і чуласць.
У рэстаране «Стары замак» адкрыўся першы ў горадзе боўлінг. У цэнтры пасёлка Беразінскае запрацаваў фантан, у той час як у Маладзечне тады не было ніводнага. Але чакаць заставалася нядоўга: праз чатыры гады рэспубліканскія «Дажынкі» змянілі аблічча горада, падарылі яму шыкоўныя фантаны, штучныя вадаёмы, скульптуры, без якіх мы сёння проста не ўяўляем Маладзечна.

Прочитано 556 раз Последнее изменение 09.01.2019 7:22
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить