14.01.2020 16:40

Сем цудаў Маладзечаншчыны - да 80-годдзя раёна

Сёлета Маладзечанскі раён адзначае сваё 80-годдзе. Да гэтай падзеі цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча выдала пазнавальны буклет «Сем цудаў Маладзечаншчыны». Яго ўкладальнік – галоўны бібліёграф ЦРБ Валянціна Стэльмах сабрала інфармацыю пра найбольш вядомыя славутасці нашага краю. Нагадаем чытачам пра іх.

Нябесная заступніца Маладзечна

На ўездзе ў горад з усходу сустракае яго жыхароў і гасцей скульптурны вобраз заступніцы Маладзечна Божай Маці «Пакроў Прасвятой Багародзіцы». Бронзавая скульптурная кампазіцыя вышынёй 15 метраў, вагой каля дзвюх тон была ўзведзена да рэспубліканскага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011».

 

Найстарэйшы вяз

У вёсцы Талуі ля Маркава расце адно з самых старых дрэў Павілля. Гэта некаранаваны чэмпіён сярод вязаў-патрыярхаў на прасторы СНД. Ёсць звесткі, што ўзрост яго каля 600 гадоў. Абхват ствала дрэва амаль 7 метраў, вышыня больш за 25 метраў.

«Пояс Вітаўта»

Гэта ўмоўная назва ўнікальнага паяснога гарнітура канца XIV – пачатку XV стагоддзя (у вялікай тэарэтычнай гістарыяграфіі і зборах найбуйнейшых музеяў свету аналагі невядомыя). Ён быў выяўлены ў час раскопак ля вёскі Літва Маладзечанскага раёна ў 1990-я гады. Пояс занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Груздаўская ікона Божай Маці

Груздаўская ікона Божай Маці адносіцца да тыпу «Адзігітрыя», мае падабенства з вядомай на Віленшчыне старажытнай Трокскай іконай Багародзіцы. Маці Божая выяўлена франтальна, правай рукой трымае на каленях Немаўля, а левай — галінку з трыма кветкамі. Немаўля Ісус правай рукой благаслаўляе, у левай трымае скрутак. Па меркаванні гісторыкаў, такая іканаграфія мела распаўсюджванне ў XVI стагоддзі. Дзень шанавання іконы прыпадае на 15 ліпеня.

Касцёл у Беніцы

Гісторыя касцёла звязана з іменем кашталяна троцкага Міхала Казіміра Коцела. Пабудаваны храм быў у пачатку XVIII стагоддзя. У свой час тут дзейнічаў кляштар, пры якім былі ўласны архіў, бібліятэка, мастацкая галерэя, парк, сажалкі з каналамі. Сюды не раз заязджалі Міхал Агінскі, Тамаш Зан, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч…

Камень-крыж

Калі едзеш з Палачан у вёску Зоранька, побач з дарогай ля вялікага дрэва можна ўбачыць упрыгожаны белым ручніком каменны крыж з кветкамі ля падножжа. Па павер’ях камень-крыж з даўніх часоў быў абярэгам для жыхароў навакольных вёсак. Людзі верылі, што ён надае сілу перажыць войны і эпідэміі, бароніць ад хвароб і няшчасцяў. Для сучаснікаў незвычайны помнік з’яўляецца сімвалам любові да роднай зямлі.


Крыніца ў Лешне

Гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння «Крыніца Лешна» размяшчаецца за 5 кіламетраў на захад ад Маладзечна. Цудадзейная крыніца прыгадваецца ў газеце «Наша ніва» яшчэ за 1907 год. Вядома, што розныя сакральныя камяні і святыя крыніцы здаўна шанаваліся нашым народам. Вада ў іх лічылася не тое што гаючай і лекавай, нават святой. На жаль, ёсць у гісторыі крынічкі і трагічныя старонкі. Некаторы час таму вернікі пачалі адраджаць традыцыі ўшанавання святога месца.

***
Маладзечанскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года на падставе Указа Прэзідыума ВС БССР «Аб утварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР». Адміністрацыйны цэнтр — горад Маладзечна.
У перыяд з 1940-га па 1960 год уваходзіў у склад Вілейскай вобласці (у 1944 годзе вобласць была пераназваная ў Маладзечанскую).

Са студзеня 1960 года — у складзе Мінскай вобласці.

Падрыхтавала Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 558 раз Последнее изменение 14.01.2020 16:40
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить