09.01.2019 11:58

Калядуюць беларусы… у Іркуцку

Источник

Пераадолеўшы больш за шэсць тысяч кіламетраў, на адно з мерапрыемстваў у Маладзечна прыехала Алена Сіпакова — кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Цікава было даведацца, што нашчадкі беларускіх перасяленцаў, жыхары Прыбайкалля, не забываюць пра свае карані. На святы апранаюць вышытыя чырвоным арнаментам кашулі, водзяць карагоды, спяваюць народныя песні, расказваюць сваім дзецям, унукам, усім мясцовым жыхарам пра Беларусь — далёкую «краіну пад белымі крыламі»...

Беларусы траплялі ў Прыбайкалле па-рознаму. У пачатку стагоддзя прыязджалі дзяржаўныя чыноўнікі, у перыяд Сталыпінскай рэформы — сяляне з заходніх губерняў. Паўстанцы, члены рэвалюцыйных гурткоў, рэпрэсіраваныя набывалі тут другую радзіму. Пазней стваралі сем’і і асядалі ўдзельнікі камсамольскіх будоўляў.

Больш за 14000 беларусаў жыве сёння ў Іркуцкай вобласці, з іх каля 1300 — у самім Іркуцку. Алёна Сіпакова ведае, што яе продкі па бацькоўскай і мацярынскай лініі таксама былі сялянамі, у пачатку ХХ стагоддзя прыехалі сюды з Магілёўскай губерні «па зямлю».

— Наша сям’я вельмі пявучая. З дзяцінства памятаю, як у святы мы збіраліся за сталом і спявалі песні нашых прадзедаў. Мама — музыкант, займалася рускім і беларускім фальклорам. Цяпер у рэпертуары нашага сямейнага ансамбля шмат песень беларускіх перасяленцаў, — расказвае Алена.

Народныя святы для этнічных беларусаў — выдатная нагода сабрацца разам. Памінаюць продкаў на Дзяды, гукаюць вясну, шукаюць купальскую кветку, святкуюць дажынкі і Грамніцы, ладзяць вячоркі і конкурсы на самую чароўную Купалінку. У сібіракоў-беларусаў вельмі папулярнае свята Камаедзіца (ад слоў «камы есці »). Яно прыпадае на 24 сакавіка (6 красавіка па новым стылі) і звязаны з сустрэчай вясны. Самыя вясёлыя, вядома, Каляды. Асабліва каларытна дзейства праводзіцца ў «беларускіх» вёсках. Як і ў нас, абавязковыя ўдзельнікі прадстаўлення — мядзведзь ды каза, сімвал урадлівасці і багатага ўраджаю. А снег і мароз у Сібіры гарантаваныя заўсёды.

Алёна Сіпакова адзначыла, што ўдзельнікі таварыства імкнуцца набыць нацыянальныя беларускія касцюмы — заказваюць у мясцовых майстроў, прывозяць з Беларусі ці шыюць самастойна. Святочныя застоллі не абыходзяцца без беларускіх прадуктаў.

Акрамя падтрымання і перадачы «ў спадчыну» беларускай культуры таварыства папулярызуе яе сярод жыхароў краю.

— У музеі-майстэрні захоўваюцца старадаўнія прадметы побыту, касцюмы, узоры тканін, знойдзеныя ў беларускіх вёсках Прыбайкалля. Фальклорныя калектывы выступаюць з беларускімі танцамі і песнямі па Сібіры і ўсёй Расіі. Пазнаёміцца з нашымі кнігамі можна ў бібліятэцы беларускай літаратуры, у вёсках беларускіх перасяленцаў створаны этнаграфічны музей, ёсць нават тэатр «батлейка». Іркуцкая моладзь займаецца саломапляценнем, вышыўкай, ткацтвам, выцінанкай, — расказвае Алена Сіпакова.

Сталі традыцыйнымі маштабныя творчыя фестывалі-конкурсы «Гучы, гоман беларускі!». А ў жніўні 2019 года плануецца чарговы міжнародны фестываль «Беларусы свету на Байкале», які будзе доўжыцца пяць дзён.

— Калі шмат гадоў жывеш у аддаленні ад гістарычнай радзімы, сувязь з ёю слабее. Таму ўсім нам вельмі хочацца сустрэцца з беларусамі, наталіцца энергетыкай «беларускасці», — адзначае Алена.

У Іркуцку гатовы прымаць заяўкі ад удзельнікаў – творчых калектываў, народных майстроў і тых, хто жадае стаць партнёрамі мерапрыемства. Калі марыце ўбачыць Байкал — гэта выдатная магчымасць!

У тэму.

Усяго ў Іркуцкай вобласці дзейнічаюць тры самастойныя грамадскія арганізацыі этнічных беларусаў. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Чэрскага нядаўна адзначыла сваё 20-годдзе.

Ян Чэрскі — ураджэнец Віцебскай губерні, вучыўся ў гімназіі і ўніверсітэце ў Вільні. Па некаторых звестках, удзельнічаў у партызанскім атрадзе Каліноўскага, быў асуджаны на бестэрміновую рэкруцкую службу на Поўначы. Географ, геолаг і палеантолаг, супрацоўнік Рускага геаграфічнага таварыства, унёс вялікі ўклад у даследаванне прыроды Сібіры і Далёкага Усходу, возера Байкал. У час адной з экспедыцый Чэрскі памёр ад хваробы.

Фота: архіў ІТБК імя Чэрскага.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/fotofakt/item/3832-kalyaduyuts-belarusy-u-irkutsku.html#sigProId54bb1d113e
Прочитано 216 раз Последнее изменение 09.01.2019 11:58
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « В Молодечно освятили нижний храм Успенского собора

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить