16.07.2019 16:07

Пётр Крупчанка: «Калі спяваю пра вайну, успамінаю сваіх бацькоў»

«Пісьмо з сорак пятага», адна з самых кранальных песень кампазітара Ігара Лучанка і паэта Міхаіла Ясеня, прынесла перамогу маладзечанцу Пятру Крупчанку на абласным фестывалі-конкурсе вакалістаў «60+». Ён праходзіў пад дэвізам «Беларусь памятае. Міншчына ганарыцца» і прысвячаўся 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пётр Крупчанка. Пётр Крупчанка. "Маладзечанская газета".

— Калі я выконваў гэты твор, бачыў перад сабой твары маці Аляксандры Пятроўны, таты Мікалая Фёдаравіча. Яны пазнаёміліся на фронце. Тата ўдзельнічаў у абароне Сталінграда, быў моцна паранены, амаль год лячыўся ў шпіталі. Пасля гэтага зноў пайшоў на фронт, яго, былога франтавіка, прызначылі начальнікам санітарнага цягніка. Там і пазнаёміўся з мамай, якая была медсястрой. Здавалася б, яны кожны дзень бачылі смерць, ратавалі жыццё дзясяткам людзей, рызыкавалі сваім – было не да кахання… Аднак змаглі захаваць светлыя пачуцці, пасля вайны пажаніліся, выгадавалі нас, траіх дзяцей. Як і многія франтавікі, пра вайну ўспамінаць не любілі. А вось ваенныя песні спявалі. Тата быў музыкантам-самавучкам, меў прыгожы голас, выдатна іграў на баяне, балалайцы, мандаліне, пісаў карціны, якія захоўваюцца не толькі ў прыватных калекцыях, але і ў музеях. Яго многія ведалі ў нашым горадзе: шмат гадоў ён быў дырэктарам друкарні «Перамога».

Любоў да музыкі перадалася і дзецям. Пётр Мікалаевіч, які да выхаду на пенсію працаваў інжынерам на заводзе металаканструкцый, трэці год спявае ў народным хоры ветэранаў «Надзея» цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, якім кіруе Таццяна Грэкава. Удзельнічаў у многіх конкурсах, фестывалях, неаднойчы станавіўся іх пераможцам. Вось і на апошнім песенным фестывалі «60+», які праходзіў у Мінскім палацы культуры ветэранаў, наш зямляк заняў другое месца. Канкурэнцыя была вялікай – сваіх вакалістаў дэлегаваў кожны раён сталічнай вобласці.

У мінулым годзе Пётр Крупчанка стаў лаўрэатам XIV Рэспубліканскага фестывалю «Не старэюць душой ветэраны». Як пераможцу яго запрасілі выступіць сёлета на музычным форуме: песня «Пісьмо з сорак пятага» ў яго выкананні гучала са сцэны сталічнага Палаца прафсаюзаў. «Я прысвячаю яе сваім бацькам», — з удзячнасцю гаворыць сын франтавікоў. І гэта не проста словы. Гэта святая сыноўняя памяць пра тых, каму мы абавязаны сённяшнім мірным днём.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 207 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить