17.05.2019 11:57

Белыя галубы як сімвал мірных памкненняў

Навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа праходзілі школу маладога байца, спаборнічалі ў «зарніцы», выконвалі заданні квэсту, пасадзілі бярозку на памяць аб загінулых на вайне. Гэтыя і іншыя мерапрыемствы да Дня Перамогі і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ініцыявалі грамадскія арганізацыі БРСМ, «Белая Русь», прафкам навучэнцаў. Падтрымала, арганізавала работу адміністрацыя навучальнай установы.

— Мы нарадзіліся ў мірны час і ніколі не чулі, як выюць сірэны, папярэджваючы аб трывозе, не бачылі разбураных бомбамі дамоў, не ведаем, што такое паёк хлеба ў час ленінградскай блакады. Нам цяжка зразумець, як можна расстраляць ці спаліць дзясяткі, а тое і сотні чалавек. Пра ўсе гэты жахі вайны нам расказваюць фільмы і кнігі, — разважае старшыня пярвічнай арганізацыі БРСМ каледжа Аксана Апяцёнак. – Для нас вайна – гэта гісторыя. Гісторыя, якую нельга забываць.

У навучэнцаў была магчымасць дакрануцца да гісторыі, успомніць вехі вайны і нават на нейкі час адчуць сябе байцамі. У час «зарніцы» — папулярнай у савецкі час ваенна-спартыўнай гульні – яны праходзілі ажно 11 этапаў: спаборнічалі на меткасць, лоўкасць і вынослівасць, абіралі бульбу, надзявалі процівагаз. Як працяг гульні – школа маладога байца. У час квэсту каманды па картах выконвалі розныя заданні. Усе жадаючыя маглі на памяць аб слаўнай даце зрабіць арыгінальныя тэматычныя здымкі ў фотазоне. У перапынках паміж гульнямі юнакі і дзяўчаты выконвалі песні і чыталі вершы ваеннага часу, і гэта таксама неад’емная частка гісторыі Вялікай Айчыннай.

Яшчэ адзін незабыўны момант – пасадка на тэрыторыі каледжа маладой бярозкі, што стане жывым напамінам аб воінах, якія аддалі сваё жыццё за перамогу, аб усіх загінулых на вайне. Галінкі дрэва моладзь упрыгожыла белымі папяровымі галубамі – сімвалам мірных памкненняў, светлых спадзяванняў і надзей.

Прыемным сюрпрызам для навучэнцаў стала магчымасць пакаштаваць сапраўдную салдацкую кашу: упершыню наша воінская часць разгарнула ля каледжа сваю палявую кухню. Жадаючых падсілкавацца было шмат – калі яшчэ пакаштуеш такую смакату… Праз некалькі дзён юнакі і дзяўчаты пабывалі на экскурсіі ў часці. Акрамя таго, яны наведалі мемарыяльны комплекс «Шталаг-342», схілілі галовы ў знак памяці пра яго ахвяр.

Прыгожым заключным акордам святочных мерапрыемстваў сталі паветраныя шары ў нябесным блакіце – сімвал свабоды і памяці.

Прочитано 269 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить