10.05.2019 9:33

Жыла ў Пятроўшчыне сям’я Дзяўго...

Амаль у кожнай беларускай сям’і свая трагедыя, звязаная з Вялікай Айчыннай вайной. Сумную гісторыю свайго роду захоўвае Уладзімір Абановіч, жыхар вёскі Хоўхлава, былы калгасны эканаміст, цяпер пенсіянер. Ён прыехаў у рэдакцыю, прывёз альбом са старымі здымкамі, каб расказаць аб страшных падзеях, што адбыліся ў вёсцы Пятроўшчына за год да Перамогі – 9 красавіка 1944 года.

Алімцы было восем гадоў, Федзю – чатырнаццаць...

— У гісторыка-дакументальнай хроніцы нашага раёна «Памяць» пазначаны прозвішчы 17 жыхароў Пятроўшчыны, якія былі расстраляныя і загінулі ў агні. Большасць — дзеці і старыя. Сярод іх Аліма і Фёдар Дзяўго, родныя брат і сястра маёй мамы Ніны Андрэеўны Абановіч, — расказвае Уладзімір Іванавіч. – Мамы, на жаль, ужо няма ў жывых. Але я добра памятаю яе расповеды пра вайну доўгімі зімовымі вечарамі. Яна паліла ў печы, ставіла ў яе чыгунок з булёнам і, прысеўшы побач, пад трэск паленаў успамінала сваю трагічную маладосць.

Ніна Абановіч нарадзілася ў 1922 годзе ў сям’і Александрыны і Андрэя Дзяўго. У яе быў брат-блізня Іван. У пачатку вайны яго пагналі ў Германію на прымусовыя работы. Старэйшы брат Уладзімір з першых дзён Вялікай Айчыннай быў на фронце, пра яго сям’я таксама нічога не ведала. Былі яшчэ ў Ніны малодшыя брат і сястра — 14-гадовы Федзя і васьмігадовая Алімка.

У час вайны ў лясную вёску Пятроўшчыну часта наведваліся партызаны. Іх звалі «максімаўцы», бо ў іх камісара прозвішча было Максімаў.

— Мама ўспамінала, як аднойчы прыйшоў зусім малады партызан, папрасіў есці, бо быў вельмі галодны, знясілены, — прыгадвае мой субяседнік. — Але гатовай ежы яшчэ ў хаце не было, у печы дапякаўся хлеб. Хлопец упрасіў бабулю даць яму кавалак, нават пажартаваў: «Дай хлеба сіраце, дапячэцца ў жываце».

У тую трагічную красавіцкую раніцу Ніна разам з бацькамі паехала ў вёску Ваўчкі на пахаванне роднага брата і сястры сваёй маці, якіх фашысты забілі 7 красавіка 1944 года ў час правядзення знішчальнай аперацыі. І вось праз два дні карнікі ўжо былі ў Пятроўшчыне. Раніцай, калі большасць жыхароў вёскі была дома, варожыя танкі паказаліся з боку лесу, каб не пусціць туды людзей, якія будуць уцякаць. Пачалася жорсткая расправа над безабароннымі жыхарамі.

Пачуўшы крыкі, выстралы і гул матораў, Аліма і Федзя разам з суседам пабеглі да лесу, спадзеючыся там схавацца. Аднак карнікі на танку дагналі іх і цынічна расстралялі. Сведкі расказвалі, што Федзю заставалася дабегчы да ўскрайку лесу не больш за 50 метраў, сястра і стары сусед ад яго адсталі. Яны засталіся ляжаць забітыя, пакуль іх не знайшлі сваякі. Як і ўсіх забітых, іх пахавалі на могілках вёскі Пажарышча. На помніку напісана, што яны забітыя фашыстамі 27 сакавіка 1944 года (па старым стылі).
Цяжка перадаць гора бацькоў, якія пахавалі адразу дваіх дзяцей. Але ж трэба было неяк жыць далей. Уся вёска была спалена, давялося капаць зямлянку. Ніна аднойчы моцна ўчадзела ў ёй, магла і памерці, але паспелі вынесці на паветра, адкачалі.

Уладзімір памёр у Асвенціме

Пасля вызвалення сям’я Дзяўго з надзеяй чакала старэйшых сыноў. Івану пашанцавала: ён выжыў на прымусовых работах, вярнуўся дамоў. А вось ад Уладзіміра не было ніякіх звестак. Ён быў прызваны ў армію ў канцы 1940 года. Толькі пасля Перамогі сваякі атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак у пачатку вайны. Слёз было праліта нямала. Але ўсё роўна спадзяваліся, што гэта памылка, што ён, магчыма, быў у палоне, застаўся жыць за мяжой, пабаяўся вяртацца на радзіму.

У 2009 годзе ў «Маладзечанскай газеце» былі апублікаваныя спісы савецкіх ваеннапалонных, якія загінулі ў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагерах. Пад нумарам 746 у іх значыўся Дзяўго Уладзімір Андрэевіч 1919 года нараджэння, які 13 студзеня 1942 года памёр у канцлагеры Асвенцім. Пазней была арганізавана паездка сваякоў загінулых у Мінскі аблвыканкам.

— Там мне выдалі карту ваеннапалоннага, з якой я даведаўся, што мой дзядзька памёр ад заражэння крыві, — гаворыць Уладзімір Абановіч. — На сцяне ў маім доме вісіць яго павялічаны здымак – прыгожы  малады салдат у будзёнаўцы. Такім ён навечна застаўся для ўсіх нас… Нават цяжка ўявіць, якое гора перажылі з-за праклятай вайны мае бабуля Александрына і дзед Андрэй. Колькі ў іх было сілы волі, мужнасці, каб не ўпасці духам, не замкнуцца ў сваёй бядзе, а працягваць жыць і працаваць. З дапамогай мясцовых улад яны пабудавалі новы дом, пажанілі дзяцей, дапамагалі гадаваць унукаў.

Шмат гадоў мінула, загаіліся раны, амаль не засталося сведак тых трагічных падзей. Але старыя фотаздымкі ў сямейных альбомах не дазваляюць заставацца раўнадушным да гісторыі свайго роду, сваёй краіны.

— На жаль, да гэтага часу няма памятнага знака, які б нагадваў нашчадкам жыхароў Пятроўшчыны пра іх загінулых землякоў, — з сумам адзначае Уладзімір Абановіч. – Іх прозвішчы захаваліся толькі ў кнізе «Памяць».

Схілім галовы перад іх светлай памяццю:
Астаф і Паўліна Габруковічы, Фёдар і Аліма Дзяўго, Кацярына, Ксенія і Таццяна Дрозд, Ілья, Мальвіна, Марыя, Надзея Пашкуць, Ганна і Тадор Шэвяго, Алена, Лёдзя, Антон і Васілій Шэсцілоўскія.

Фота: архіў Уладзіміра АБАНОВІЧА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/75-letie-osvobozhdeniya-belarusi/item/4509-zhyla-pyatro-shchyne-syam-ya-dzya-go.html#sigProIdbb11113dc2
Прочитано 91 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить