14.12.2018 15:20

Юбілеі БССР – на старонках «Маладзечанскай газеты»

1 студзеня 2019 года споўніцца 100 гадоў з дня заснавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая стала фундаментам для пабудовы сённяшняй суверэннай дзяржавы. Гартаючы старыя падшыўкі нашай газеты, мы даведаліся, як на Маладзечаншчыне святкавалі юбілеі БССР.

Юбілеі БССР – на старонках «Маладзечанскай газеты» "Маладзечанская газета"

50 гадоў (1969-ы). «Будзе родная ў кепі постаць наша свята з партрэта вітаць»

Гэта радкі з верша экспедытара мясакамбіната Я. Кашкан «Пяцьдзясят», які быў прысвечаны 50-годдзю БССР і надрукаваны ў першым нумары газеты «Святло камунізму» (так у той час называлася наша выданне) за 1 студзеня 1969 года.

Родная ў кепі постаць — гэта, зразумела, вялікі правадыр усіх народаў Уладзімір Ленін. Яго выява змешчана на першай старонцы святочнага нумара газеты, што выходзіла тыражом больш за 10 тысяч экзэмпляраў чатыры разы на тыдзень і каштавала дзве капейкі.

На той час наш горад і раён былі асобнымі адміністрацыйнымі адзінкамі, урачыстыя пасяджэнні да 50-годдзя БССР праходзілі асобна. Гаркам партыі ўзначальваў А. Богдан, райкам – У. Быкоўскі. Тады было прынята да вялікіх свят узнагароджваць як цэлыя рэспублікі, вобласці, раёны, так і асобных лепшых працаўнікоў. У газеце паведамлялася, што Генеральны сакратар Кампартыі Савецкага Саюза Леанід Брэжнеў узнагародзіў Беларускую ССР ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Наш раён атрымаў пераходны Чырвоны сцяг абкама КПБ, горад – Памятны сцяг ЦК КПБ. У рэпартажах з урачыстых пасяджэнняў упаміналіся тыя, каму выпаў гонар вітаць землякоў са святам: былы камандзір партызанскай брыгады імя Ракасоўскага А. Раманаў, Герой Сацыялістычнай Працы У. Калачык, ганаровы чыгуначнік
П. Дачкін, выкладчык палітэх-нікума М. Блін.

«Мне, як і рэспубліцы, споўні-лася 50 гадоў» — падзяліўся радасцю з чытачамі інжынер-дыспетчар фабрыкі музінструментаў І. Калашнікаў. Дарэчы, напярэдадні юбілейнага года на фабрыцы выпусцілі звыш 88 тысяч баянаў. Гаварылася і пра тое, што ўсе прадпрыемствы горада і раёна перавыканалі дзяржаўныя планы, а аб’ём прамысловай вытворчасці ў параў-нанні з мінулым годам вырас на 10 працэнтаў.

Да юбілею ў горадзе завяршылася будаўніцтва першай чаргі завода металаканструкцый, у пасёлку Беразінскае адкрылі Дом культуры. Дзяліліся чытачы і асабістымі радасцямі: трактарыст калгаса «50-годдзе Кастрычніка» А. Прыгодскі, напрыклад, ажаніўся і атрымаў шыкоўны вясельны падарунак – новы дом ад калгаса.

60 гадоў (1979-ы). На кожнага беларуса – сем кніг, кожныя  чатыры хвіліны – новы трактар

60-годдзе БССР было адзначана новымі працоўнымі дасягненнямі. У Мінску з нагоды юбі-лейнай даты прайшлі парад войскаў і дэманстрацыя працоўных. У інфармацыі БелТА прыводзіцца шмат жыццесцвяр-джальных лічбаў. Напрыклад, што кожныя чатыры хвіліны ў рэспубліцы сыходзіць з канвеера новы трактар, кожныя дзве хвіліны – матацыкл, кожныя дзесяць – аўтамабіль, кожныя 30-40 секунд – халадзільнік, тэлевізар, радыёпрыёмнік… Велізарнымі тыражамі выдаваліся кнігі. Тыраж дзевяці беларускіх выдавецтваў складаў 35 мільёнаў экзэмпляраў на год. Штогод у разліку на кожнага жыхара БССР друкавалася сем кніг. За дзесяцігоддзе тыраж нашай газеты вырас да 18 тысяч экзэмпляраў. Цана не змянілася – усё тыя ж дзве капейкі.

З мясцовага цікавага матэрыялу, прысвечанага гэтай даце, прыцягнула ўвагу інфармацыя з Хажоўскага сельсавета. 5 лютага 1919 года жыхары Хажоў-скай воласці Маладзечанскай гміны сабраліся на мітынг, каб вітаць Савецкую ўладу, прынялі рэзалюцыю падтрымліваць яе ўсімі сіламі, і нават са зброяй у руках. І вось праз 60 гадоў у памяць пра рэвалюцыйныя традыцыі сваіх землякоў актывісты з Хажова вырашылі адкрыць мемарыяльную дошку з тэкстам рэзалюцыі 1919 года. На мітынгу выступілі былы падпольшчык Сцяпан Бурак, удзельнікі вайны Рыгор Пачуйка і Мікалай Шобік, сакратар партарганізацыі калгаса імя Дзяржынскага Мікалай Кандрашоў, сакратар камсамольскай арганізацыі Хажоў-скай школы Зоя Каляда.

70 гадоў (1989-ы).  Сто будаўнікоў з В’етнама – у Чысці

У часы перабудовы ў нашай газеты быў вялікі тыраж — больш за 21 тысячу экзэмпляраў, яна выходзіла тры разы на тыдзень. Цана павысілася да трох капеек. Дарэчы, гэты год быў памятным і для нашага выдання, якое святкавала сваё 50-годдзе.

Юбілей БССР быў адзначаны ўрачыстым пасяджэннем прадстаўнікоў грамадскасці, якое адкрыў першы сакратар гаркама партыі Я. Стахоўскі. Адбылося і раённае свята, на ім павіншаваў землякоў са слаўнай датай першы сакратар райкама партыі В. Сахарчук. У рэпартажах з гэтых мерапрыемстваў значна менш пафасу, чым у мінулыя дзесяцігоддзі, больш прозвішчаў людзей, якія праслаўляюць Маладзечаншчыну.
Сярод цікавых паведамленняў юбілейнага нумара – здача ў эксплуатацыю шматкватэрнага жылога дома ў Чысці, у якім пасяліліся 100 будаўнікоў з В’етнама. На 6 гадоў мясцовы завод буйнапанэльнага домабудавання стаў для іх месцам пастаяннай работы.

Яшчэ адна добрая навіна — ад нашага былога фотакарэспандэнта Міхаіла Асаевіча. Ён сфатаграфаваў мнагадзетную сям’ю Алега і Людмілы Зяновічаў з калгаса «Светлы шлях», якая ў святочныя дні збіралася пераехаць у новую пяціпакаёвую кватэру.

80 гадоў (1999-ы). Брыльянтавая зорка якасці – «Маладзечнамэблі»

Змянілася эпоха, былая Беларуская ССР з 1991 года стала незалежнай Рэспублікай Беларусь.
Але як бы ні разгортваліся па-дзеі, мы заўсёды паважалі сваю гісторыю. Урачысты сход, прымеркаваны да 80-годдзя з дня ўтварэння БССР, прайшоў у зале музычнага вучылішча. Калі раней гарадскія і раённыя ўлады праводзілі асобныя юбілейныя пасяджэнні, то на гэты раз яны аб’ядналіся. З дакладам вы-ступіў старшыня гарвыканкама С. Татарыновіч. Акрамя таго, у горадзе прайшоў урачысты мітынг, былі ўскладзены кветкі да помнікаў нашым загінулым землякам.

Член гарадскога камітэта КПБ Барыс Авечкін прааналізаваў у юбілейным нумары шлях Беларусі, адзначыў, што «цяперашні стан спраў у краіне вельмі цяжкі», растлумачыў, што прычыны гэтага ў разрыве экана-мічных сувязей з былымі савецкімі рэспублікамі, страце рынкаў збыту, у непрадуманай перабудовачнай палітыцы пераходу да рыначнай эканомікі. Нават у юбілейным нумары газеты шмат гаворыцца аб надзённых праблемах, практычна ў кожным матэрыяле – крытыка. Тыраж нашага выдання быў крыху большы за 10 тысяч экзэмпляраў, цана – дагаворная, бо пастаянна раслі выдаткі на паперу, друк, распаўсюджванне.

Сярод прыемных навін – паведамленне пра тое, што ў Парыжы спецыяльная камісія ад-значыла брыльянтавай зоркай якасці мэблю нашай мясцовай фабрыкі «Маладзечнамэбля».
У гэты ж час у раён прыляцела яшчэ адна добрая вестка: мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца «Спадчына» Іосіф Сушко ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

90 гадоў (2009-ы). На абласной урачыстасці спявала Наталля Гайда

У першым нумары за 2009 год з нагоды 90-годдзя БССР і Новага года змяшчаліся віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, былога старшыні Мінскага аблвыканкама Леаніда Крупца, былога старшыні Маладзечанскага райвыканкама Сямёна Касабуцкага. Нагадаем, што ў 2005 го-дзе згодна з Указам Прэзідэнта наш горад і раён зліліся ў адну адміністрацыйную адзінку – Маладзечанскі раён.

Маладзечанцы прысутнічалі на абласной урачыстасці, якая адбылася ў сярэдзіне студзеня ў сталічным музычным тэатры. Сярод іх быў і наш тагачасны галоўны рэдактар Аляксандр Хазянін, які расказаў пра па-дзею ў газеце. Сярод землякоў там былі адзначаны тагачасны галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Бузюк, старшыня раённага аддзялення ГА «Белая Русь» Анатолій Асманаў. Для ўдзельнікаў форуму падрыхтавалі канцэрт, сярод вядомых выканаўцаў была Наталля Гайда. Спадзяёмся, яе непаўторны голас будзе гучаць і ў год, калі Беларусь адзначае сваё 100-годдзе.

Адметнасць юбілейнага, 2009 года ў тым, што ён быў аб’яўлены Годам роднай зямлі. Святкавалі мы і 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай даты выйшла кніга ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, ганаровай грамадзянкі раёна, актыўнага аўтара нашай газеты Клары Філіпавай «Жывым – помніць…», многія матэрыялы якой друкаваліся на старонках «МГ». Сярод значных па-дзей – 40-годдзе завода металаканструкцый, будаўніцтва новага басейна ў школе-інтэрнаце №1 для дзяцей, хворых на скаліёз.

Цікава, што карэспандэнт «МГ» Алена Лашук адшукала равесніцу БССР 90-гадовую Паліну Полаз з вёскі Адамавічы, лёс якой цесна пераплёўся з лёсам роднай краіны.

Для нашай рэдакцыі 2009 год таксама быў юбілейным: «Маладзечанскай газеце» споўнілася 70 гадоў. Выходзіла яна, як і цяпер, па серадах і суботах тыражом больш за 13 тысяч экзэмпляраў. Была тады яшчэ чорна-белай, выдавалася, як і ўсе мінулыя гады, у мясцовай друкарні «Перамога». Прайшло зусім няшмат часу, цяпер газета друкуецца ў сталіцы, каляровыя палосы сталі рэальнасцю. Безумоўна, гэта змены да лепшага, крок наперад. Нязменным застаецца толькі імкненне журналістаў не адстаць ад часу, не прапусціць цікавыя падзеі, не страціць сувязь са сваімі чытачамі.

Газетныя падшыўкі гартала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/100-let-bssr/item/3737-yubilei-bssr-na-staronkakh-maladzechanskaj-gazety.html#sigProId7a3ff996b6
Прочитано 473 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить